Ілля (Куча)
Ілля Якімавіч Куча (пачатак XVI ст. — 1579) — мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсёй Русі (1576—1579). З роду дробнамаянтковых зямян Гарадзенскага павету. Свецкую кар’еру пачаў таксама ў Гарадзенскім павеце — ураднікам лабенскага дзяржаўцы Войны Мацвеевіча Грычыны[1]. Найраннейшая згадка пра Іллю як урадніка датуецца 16 красавіка 1556, найпазнейшая — 13 кастрычніка 1568 года[2]. Брат Іллі — Андрэй, быў жанаты з гарадзенскай зямянкай Багданай (у першым шлюбе Васілевіч), якая мела маёнткі паблізу Лабны (цяпер Лабна-Агароднікі Гродзенскага раёна), дзе служыў Ілля[2]. У 1560-х — пачатку 1570-х гадоў быў кліентам магнатаў Хадкевічаў. У 1563 годзе згадваецца як пінскі, у 1566 годзе — як кобрынскі падстароста. У 1570—1572 гадах быў муравіцкім і княгінінскім намеснікам у валынскіх маёнтках віленскага кашталяна пана Рыгора Хадкевіча. У 1566 годзе пан Рыгор Хадкевіч, які быў прызначаны каралём Жыгімонтам Аўгустам апекуном дзяцей памерлага ў 1562 годзе князя Януша Кузьміча Заслаўскага, даручыў Іллю Кучы кіраваць уладаннямі малалетніх княжат Януша і Міхаіла. У ліпені 1572 года Ілля Куча пакінуў урад «заслаўскага спраўцы і намісніка». Пазней трапіў у бліжэйшае акружэнне Іоны (Пратасевіча), мітрапаліта Кіеўскага, Галіцкага і ўсёй Русі. Пры падтрымцы мітрапаліта Іоны, атрымаў ад караля Стэфана Баторыя прывілей на кіраванне мітраполіяй, а пасля смерці Іоны стаў яго наступнікам (1577—1579) з блаславення канстанцінопальскага патрыярха Ераміі II Траноса.[3] Не змяніў свайго імя, калі рабіў духоўную кар’еру, манаскае імя, калі наогул было, невядома. Напэўна, Ілля Куча быў добра знаёмы з Міхаілам Дзевачкам яшчэ да пачатку духоўнай кар’еры іх абодвух.[2] Зноскі
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia