Андрэй Мужылоўскі
Андрэй Мужылоўскі (1580-я — 1640-я) — праваслаўны пісьменнік-палеміст, рэлігійны дзеяч. Прэсвітар, з канца 1620-х гадоў слуцкі пратапоп. У 1631 годзе пастрыгся ў манахі пад імем Анатолій, пазней прыняў вялікую схіму пад імем Антоній, быў іераманахам Кіева-Пячэрскага манастыра. Выступаў супраць Берасцейскай уніі (1596). У «Водпісе на ліст уніятаў віленскіх» (на старабеларускай мове, 1616) пад уплывам «Трэнаса» Мялеція Сматрыцкага асудзіў учынкі «сына»-ўніята, які здрадзіў інтарэсам праваслаўнага народа Рэчы Паспалітай, даў знішчальную характарыстыку слугам рымска-каталіцкай царквы. У «Антыдотуме» («Antydotum» на польскай мове, 1629), скіраваным супраць «Апалогіі» Сматрыцкага, Мужылоўскі падкрэсліваў значэнне антыўніяцкіх твораў Сматрыцкага, але асуджаў яго за тое, што ён, на думку Мужылоўскага, перайшоў ва ўніяцтва не па ідэйных меркаваннях, а спакушаны абяцанкамі рымска-каталіцкай царквы. Адным з першых спрабаваў аддзяліць царкоўна-багаслоўскую літаратуру ад свецкай, указваў на гістарычны характар творчасці Хрыстафора Філалета, Клірыка Астрожскага. На «Антыдотум» Сматрыцкі адказаў з’едлівым творам «Экзэтэзіс» (1629). Адзін з прэтэндэнтаў на Кіеўскую праваслаўную мітраполію пасля смерці мітрапаліта Іова Барэцкага. У 1631 годзе прымаў актыўны ўдзел у адабранні ва ўніятаў Сафійскага сабора ў Кіеве на карысць праваслаўнай мітраполіі. Меў сыноў — Сілуяна , казацкага вайсковага дзеяча, дыпламата, аднаго з бліжэйшых радцаў гетмана Багдана Хмяльніцкага, і Рыгора Мужылоўскіх. ЗноскіЛітаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia