Андрэй (зяць Мсціслава Раманавіча)
Андрэй (не пазней 1200-х — 1 чэрвеня 1223) — князь з роду Рурыкавічаў, але невядомага пэўна паходжання. Згадваецца адзіны раз толькі пад імем, як зяць вялікага князя кіеўскага Мсціслава Раманавіча і ўдзельнік паходу да Калкі. Пасля бітвы разам з цесцем і дубровіцкім князем Аляксандрам тры дні трымаў абарону ва ўмацаваным лагеры, потым усе трое падманам захоплены манголамі і разам раздушаны дошкамі.
Праз тое, што ні імя па бацьку, ні тытулу Андрэя крыніца не дае, навукоўцы некалькі стагоддзяў спрабуюць атоесніць яго з якімсьці болей вядомым князем Андрэем. Часта прапануюць лічыць яго вяземскім князем Андрэем Доўгай Рукой , напрыклад, так лічылі Пётр Далгарукаў, Станіслаў Думін і Пётр Грабельскі. Такую магчымасць, аднак, адмаўляў напрыклад Мікалай Баўмгратэн, а Андрэй Кузьмін наогул лічыць Андрэя Доўгую Руку ўяўнай асобай. У некаторых гіпотэзах атаяснення нейкую ролю мае другая група з шасці князёў, загінулых ад манголаў пасля бітвы пры адступленні да Дняпра.
Князі ў гэтым спісе пададзены ў выпадковым парадку, таксама ў пазнейшых спісках летапісаў адбыліся скажэнні, так янеўскі князь Святаслаў стаў Святаполкам, князь Ізяслаў Інгваравіч — князем негаворскім Ізяславам. На такім грунце некаторыя даследчыкі будуюць свае гіпотэзы. У прыватнасці, Лявонцій Вайтовіч выказаў думку, што князь Андрэй быў сынам князёў Івана або Святаполка з дынастыі тураўскіх князёў, але «хутчэй першага», то-бок Івана. Таксама Вайтовіч лічыць дубровіцкага князя Аляксандра стрыечным братам Андрэя і адначасова яшчэ адным зяцем вялікага князя Мсціслава. Далучае Вайтовіч да тураўскай княжацкай дынастыі і іншых загінулых у адступленні да Дняпра князёў — янеўскага Святаслава і нясвіжскага Юрыя, «негаворскага» «Яраслава». Тапонімы Янеў, Негавор і Нясвіж лакалізаваць не спрабуе, ці маглі яны належаць да абшараў Тураўскай зямлі. Аргументаў Вайтовіч не дае, у раздзелах пра гэтых князёў не робіць ніводнай спасылкі. Таксама на думку Вайтовіча, згаданыя ў Любецкім сінодзіку «Юрый тураўскі» і «Сямён тураўскі Юр’евіч» — сын і ўнук князя Андрэя. Аднак, напрыклад, на думку Рафаіла Зотава гэта памылка і замест «тураўскі» мусіла быць «тарускі». КрыніцыЛітаратура
Спасылкі |
Portal di Ensiklopedia Dunia