Арганізацыя афрыканскага адзінства
Арганізацыя афрыканскага адзінства, ААА (англ.: Organization of African Unity, фр.: Organisation de l’unité africaine) — міждзяржаўная арганізацыя ў Афрыцы ў 1963—2002 гадах. Створана на канферэнцыі кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў 32 краін кантынента ў г. Адыс-Абеба (Эфіопія). Да 1994 года членамі ААА сталі ўсе 53 афрыканскія краіны (апошняя — ПАР), за выключэннем Марока, якая выйшла ў 1984 годзе ў знак пратэсту супраць уступлення САДР. Мэтамі арганізацыі абвяшчаліся: умацаванне адзінства і салідарнасці краін Афрыкі, абарона іх тэрытарыяльнай цэласнасці і незалежнасці, знішчэнне каланіялізму, заахвочванне міжнароднага супрацоўніцтва. Для іх дасягнення члены абавязаліся каардынаваць свае дзеянні ў галіне знешняй палітыкі, эканомікі, адукацыі, культуры, аховы здароўя, навукі, тэхнікі, абароны і бяспекі. У якасці асноўных прынцыпаў дэклараваліся роўнасць дзяржаў-членаў і неўмяшанне ва ўнутраныя справы, павага тэрытарыяльнай цэласнасці, мірнае ўрэгуляванне спрэчных пытанняў, прыхільнасць справе вызвалення залежных афрыканскіх тэрыторый, палітыка недалучэння. Вышэйшы орган — Асамблея кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, склікаўся штогод у розных афрыканскіх сталіцах. На сесіях Асамблеі абіраўся старшыня ААА тэрмінам на 1 год; рашэнні Асамблеі насілі рэкамендацыйны характар. Выканаўны орган — Савет Міністраў — складаўся з міністраў (як правіла, замежных спраў), прызначаных урадамі дзяржаў-членаў. У яго функцыі ўваходзілі падрыхтоўка сесій Асамблеі, выкананне іх рашэнняў, зацвярджэнне бюджэту. Пастаянныя адміністрацыйныя функцыі ажыццяўляў Генеральны сакратарыят са штаб-кватэрай у Адыс-Абебе. Галоўным і найбольш паспяховым напрамкам дзейнасці ААА была барацьба за дэкаланізацыю і супраціўленне расісцкім рэжымам. Дзяржавы-члены аказвалі маральна-палітычную, матэрыяльную і фінансавую падтрымку нацыянальна-вызваленчых рухам кантынента. У 1964-м пры садзейнічанні ААА створаны Афрыканскі банк развіцця. У канцы 1990-х гадах ААА страціла сваю эфектыўнасць, так як не змагла прапанаваць рэкамендацыі па пераадоленні гаротнага становішча кантынента, захаванню палітычнай стабільнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці, даць адэкватныя адказы на выклікі глабалізацыі. У ліпені 2002 года ў г. Дурбан (ПАР) адбылася апошняя, 38-я сесія, на якой арганізацыя была ператворана ў Афрыканскі саюз. Дата заснавання ААА, 25 мая, па рашэнні ААН штогод адзначаецца як Дзень вызвалення Афрыкі. Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia