АрхеаіхтыялогіяАрхеаіхтыялогія — галіна археазаалогіі. якая вывучае рэшткі рыб. Устанаўленне па касцях і лусцы відаў, памераў, узросту рыб дазваляе рэкаструяваць змяненні ў складзе іхтыяфауны, экалагічныя ўмовы існавання, тып харчавання старажытнага чалавека, спосабы лову, ролю промыслу ў гаспадарчым жыцці. Першыя даследаванні былі зроблены ў сярэдзіне XIX ст. ў Швейцарыі, Даніі, Нідэрландах, Расіі (К. Кеслер — неаліт Ладажскага возера). Важнае значэнне для развіцця археаіхтыялогіі мела заснаванне ў 1981 г. у г. Капенгаген Рабочай групы па вывучэнні касцявых рэшткаў рыб пры Міжнародным савеце па археазаалогіі, які аб’ядноўвае каля 150 даследчыкаў з розных краін. Першапачаткова беларускія матэрыялы з Гродна, Ваўкавыска, гарадзішча Чаплін вывучаліся на біялагічным факультэце Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя М. В. Ламаносава ў 1960-я гады. Даследаванні ў археаіхтыялогіі з канца 1990-х гадоў праводзяцца ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі (вызначэнне касцей) і Інстытуце заалогіі НАН Беларусі (вызначэнне лускі). У беларусі налічваецца каля 50 іхтыялагічных калекцый з археалагічных помнікаў каменнага веку, жалезнага веку і ранняга сярэдневякоўя (гарадзішчы Рацюнкі, Клішына, Мікольцы), раннефеадальных гарадоў, замкаў і вясковых паселішчаў (Гомель, Маскаўцы, Свіслач, Слабодка, Тураў і інш.). Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia