Бабруйскі машынабудаўнічы завод
ААТ «Бабруйскі машынабудаўнічы завод» — беларускае прадпрыемства па вытворчасці цэнтрабежных помпаў, размешчанае ў горадзе Бабруйск Магілёўскай вобласці. ГісторыяЗавод заснаваны ў 1898 годзе як механічны, кацельны і чыгуналіцейны. Выпускаў абсталяванне для харчовай прамысловасці: вінакурных, крухмальных, маслабойных заводаў і іншую прадукцыю[1]. У 1930 годзе асвоіў вытворчасць абсталявання для цагляных прадпрыемстваў[2]. У 1932 годзе перайменаваны ў машынабудаўнічы[1]. У 1930-я гады асвоіў вытворчасць шаравых млыноў, гідратурбін для малых гідраэлектрастанцый, скрэперна-элеватарных агрэгатаў[2]. У гады Вялікай Айчыннай вайны быў разбураны, вытворчасць адноўлена ў 1945 годзе[1]. У 1951 годзе завод мяняе спецыялізацыю і пачынае спецыялізавацца на выпуску цэнтрабежных помпаў[2]. Пасля прадпрыемства перайшло на вытворчасць спецыяльных помпаў: для перапампоўвання нафты і нафтапрадуктаў, звадкаваных газаў, папяровай масы, вады, сцёкавых вадкасцяў, каўчукавай крошкі, саляных раствораў, хімічна актыўных вадкасцяў[2]. У 1961 годзе ўвайшоў у эксплуатацыю сталеліцейны цэх, у 1966—1971 гады — чыгуналіцейны цэх, электрацэх, рамонтна-механічны ўчастак, у 1981 годзе — машыназборачны цэх[1]. Да 1961 года завод называўся у гонар Сталіна, у 1961—2004 гадах — у гонар Леніна. Да 1951 года ўваходзіў у сістэму мясцовай прамысловасці Беларускай ССР, затым падпарадкаваны Галоўнаму ўпраўленню па вытворчасці хімічнага і помпава-кампрэсарнага абсталявання «Галоўхіммаш». 27 жніўня 1951 года завод перададзены Галоўнаму ўпраўленню па вытворчасці помпавага і гідратурбіннага абсталявання «Галоўгідрамаш» Міністэрства машынабудавання і прыборабудавання СССР. 10 красавіка 1953 года завод быў вернуты «Галоўхіммашу», 7 мая 1954 года паўторна перададзены ў склад «Галоўгідрамаша». У 1957—1965 гадах падпарадкоўваўся Савету народнай гаспадаркі БССР, пасля яго скасавання перададзены Галоўнаму ўпраўленню помпавага машынабудавання Міністэрства хімічнага і нафтавага машынабудавання СССР. 10 сакавіка 1975 года ўвайшоў у склад Усесаюзнага прамысловага аб’яднання помпавага машынабудавання «Саюзнасмаш» Міністэрства хімічнага і нафтавага машынабудавання СССР, 23 лістапада 1990 года — у склад канцэрна помпавага абсталявання «Гідрамаш»[3]. З 14 кастрычніка 1991 года падпарадкаваны Дзяржаўнаму камітэту Рэспублікі Беларусь па прамысловасці і міжгаліновых вытворчасцях, з 1994 года — Міністэрству прамысловасці Рэспублікі Беларусь. У 2000 годзе завод ператвораны ў Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства (РУП), у 2004 годзе — у адкрытае акцыянернае таварыства[3]. Сучасны станУ 2010 годзе завод быў выстаўлены для прыватызацыі па лініі Міжнароднага валютнага фонду; за 9 месяцаў 2010 года страты прадпрыемства складалі 2.3 млрд. рублёў[4]. У 2010 годзе завод увайшоў у групу ГМС[2]: кампанія купіла дадатковую эмісію акцый прадпрыемства, якая склала 57% ад агульнай іх колькасці[5]. У маі 2023 года прадпрыемства трапіла пад санкцыі Украіны[6]. Заўвагі
Спасылка |
Portal di Ensiklopedia Dunia