Блакітніца алексіс
Блакітніца алексіс (Glaucopsyche alexis) — від матылькоў сямейства блакітніц. Матылёк сярэдніх памераў, даўжыня пярэдняга крыла складае 15-18 мм. Самец зверху блакітны з цёмнай аблямоўкай па боку крыла, самка бурая са слабым блакітнаватым напыленнем ля асновы крылаў. Знізу крылы шэрыя або светла-шэра-бурыя, пярэднія нясуць шэраг дугападобна размешчаных буйных чорных плям, абрамленых белым, слаба прыкметная сярэдняя пляма, заднія — драбнейшыя такія ж плямы і бірузовае напыленне ля асновы. Распаўсюджана ва ўмеранай зоне Еўразіі. У Беларусі сустракаецца вельмі лакальна. Вядомы па нешматлікіх знаходках у Брэсцкай, Гродзенскай, Гомельскай і Мінскай абласцях. Месцапражыванні: лугі, паляны і ўскраіны лісцёвых лясоў, сухія рэдкалессі і пусткі. На працягу года развіваецца ў адным пакаленні. Лёт матылькоў з красавіка па ліпень у залежнасці ад месцазнаходжання. Вусені жывяцца лісцем і кветкамі чыны лугавой, люцэрны, донніка лекавага, мышынага гарошку і іншых бабовых. Вядома, што вусені кантактуюць з рознымі відамі мурашак (роды Myrmica, Formica, Lasius і інш.). Зімуе ў фазе кукалкі, радзей — вусеня. Від занесены ў Чырвоныя кнігі Беларусі, Германіі, Швецыі. Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia