Бягомльская аперацыя
Бягомльская аперацыя — баі партызанскай брыгады «Жалязняк» па вызваленню ад акупантаў тэрыторыі Бягомльскага раёна ў лістападзе—снежні 1942 года. ПерадумовыПаводле рашэння Барысаўскага падпольнага міжрайкама атрад Дзякава — Манковіча колькасцю 122 чалавекі 16 кастрычніка 1942 года быў рэарганізаваны ў партызанскую брыгаду «Жалязняк» (камандзір І. П. Ціткоў, камісар С. С. Манковіч, начальнік штаба Л. П. Бірукоў). За месяц асабовы склад брыгады павялічыўся да 400 чалавек, і 23 лістапада 1942 года яна пачала аперацыю па выгнанню акупантаў з Бягомльскага раёна шляхам блакады буйных гарнізонаў. Ход аперацыіАперацыя праходзіла ў тры этапы. 23 лістапада — 12 снежня 1942 года 3-і атрад брыгады, ажыццявіўшы кругавую блакаду і адбіўшы атакі танкаў з Лепеля, з дапамогай мінных палей не дапусціў на працягу 18 дзён падвозу прадуктаў харчавання ў гарнізон аховы Кальніцкага (цераз раку Бярэзіна, даўжыня з дамбамі 170 м) і Бузянскага (цераз раку Сергуч, 130 м) мастоў на аўтастрадзе Мінск — Віцебск і гэтым вымусіў нямецкі гарнізон аховы мастоў да ўцёкаў. 12 снежня 1942 года абодва масты былі знішчаны і гарнізон Бягомля апынуўся адрэзаным ад Лепельскага гарнізона, а шаша Мінск — Віцебск выведзена са строю на ўвесь перыяд акупацыі. 5—14 снежня 1942 года 1-ы атрад, частка 2-га і 3-га атрадаў брыгады «Жалязняк» двойчы правялі рэйды вакол гарнізона Бягомля па маршруце Беразіно — Ліпск — Бабцы — Ваўча — Вуглы — Бярозкі — Мацееўцы — Нябышчына — ваколіцы горада Докшыцы — чыгуначная станцыя Параф’янава знішчаючы на сваём шляху дробныя гарнізоны ворага, масты, лініі сувязі. 17—18 снежня 1942 года брыгада «Жалязняк» ноччу па агародах увайшла ў Бягомль поўным складам і штурмам захапіла раённы цэнтр, акрамя ўмацаванага будынка былой турмы, дзе размяшчаўся нямецкі гарнізон. У Бягомлі былі знішчаны склады, акупацыйныя установы і прадпрыемствы, вывезены прадукты харчавання. 19 снежня 1942 года на дапамогу акружанаму партызанамі гарнізону з Мінска прарваўся 102-гі паліцэйскі батальён. У той жа дзень брыгада «Жалязняк» сканцэнтравалася для трэццяга штурму гарнізона. Але абкружаны гарнізон і паліцэйскі батальён, апынуўшыся поўнасцю без прадуктаў харчавання і будучы дэзінфармаваным аб колькасці партызан, з наступленнем цемнаты з баямі адступілі ў бок Мінска. Да 21 гадзіны 19 снежня 1942 года Бягомль і Бягомльскі раён былі поўнасцю вызвалены ад акупантаў. 20 снежня 1942 года ў Бягомлі адбыўся мітынг партызан і насельніцтва. Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia