Бітва за Кіеў (2022)
Бітва за Кіеў — баявыя сутыкненні паміж Узброенымі Сіламі Украіны з аднаго боку і Узброенымі Сіламі Расійскай Федэрацыі з другога боку за кантроль над Кіевам з 25 лютага да канца сакавіка 2022 года ў час уварвання Расіі ва Украіну. Бітва скончылася адводам расійскіх войскаў ад Кіева і з Кіеўскай вобласці. Ход баявых дзеянняўРасійскія верталёты з дэсантам на борце 24 лютага 2022 года праляцелі ўздоўж Кіеўскага вадасховішча з Беларусі ў Гастомэль, што на паўночны захад ад Кіева. Хоць яны і панеслі страты ў баі, пачалі прызямляцца і высаджваць дэсантнікаў. Завязаўся наземны бой за аэрапорт. Паводле даных украінскай разведкі, з Пскова вылецелі транспартныя самолёты Іл-76, аднак прызямляцца ў Гастомэлі яны не сталі. Расійскі дэсант вёў бой у акружэнні і панёс значныя страты. 25 лютага працягваліся баі за Гастомэль і мясцовы аэрадром[1]. Сутычкі ў Кіеве пачаліся з пранікнення расійскай дыверсійна-разведвальнай групы ў Абалонскі раён[2]. ![]() Уначы з 25 на 26 лютага ішлі баі ў горадзе Васылькіў і за аэрадром, дзе спрабавалі высадзіцца расійскія дэсантнікі[3], адбываліся вулічныя баі ў сталіцы[4][5][6], у жылы дом на праспекце Лабаноўскага трапіла ракета. Ад раніцы сітуацыя ў сталіцы нармалізавалася, але Кіеўскі метрапалітэн працуе як сховішча, цягнікі не ходзяць, як і іншы гарадскі транспарт[7]. 27—28 лютага на поўнач ад Кіева з ночы ішлі баі. Расійскія танкі з боку Бучы ўвайшлі ў Ірпінь, але ўкраінскім вайскоўцам удалося выбіць іх з горада[8]. Камандуючы Сухапутных войскамі Украіны Аляксандр Сырскі, які кіраваў абаронай сталіцы, арганізаваў два кальцы абароны — у прыгарадзе і на ўскраінах самога горада. Унутраная лінія абароны мела знаходзіцца як мага далей ад знешняй, каб расійская армія не абстрэльвала цэнтр горада з артылерыі. У распараджэнні УСУ ў баях за Кіеў была 72-я асобная механізаваная брыгада, аднак яе танкавай моцы не хапала для абароны горада. Ва ўсіх вайсковых навучальных цэнтрах ствараліся спецыяльныя батальёны, было загадана даставіць у Кіеў артылерыйскія сістэмы, якія звычайна выкарыстоўваюцца для навучання. Горад быў падзелены на сектары, тактычныя рашэнні прымалі афіцэры на месцах. Сродкі армейскай авіяцыі былі выведзены з асноўных баз[9]. Паветраныя сілы Украіны ўдзельнічалі ў абароне сталіцы. З'явілася гарадская легенда пра «Прывіда Кіева», украінскага пілота-аса, які на МіГ-29 збіваў расійскія самалёты. 1 сакавіка расійскія войскі нанеслі два ракетныя ўдары па кіеўскай тэлевежы. Пасля ўдару тэлеканалы на пэўны час спынілі вяшчанне, загінула 5 чалавек[10]. Паводле дадзеных брытанскай разведкі, расійскі наступ на Кіеў за першыя дні сакавіка з-за лагістычных складанасцяў не меў поспехаў[11]. 25 лютага на дамбе пры ўпадзенні ракі Ірпінь у Кіеўскае вадасховішча падарвалі шлюзы, вада пачала затапліваць рачную даліну[12]. Калона расійскай бранятэхнікі расцягнулася на дзясяткі кіламетраў, бензавозы не маглі дабрацца да галавы калоны, бо аб’язджаць па палях было небяспечна. Наступленне было паралізавана[13]. Расійскія падраздзяленні ў сакавіку знаходзіліся на паўночны захад і паўночны ўсход ад Кіева, абстрэльвалі прадмесці. У другой палове месяца расіяне высадзілі дэсант на ўкраінскім баку ракі Ірпінь каля вёскі Машчун. Украінцы адціснулі іх назад за раку, расійскі наступ пачаў захлынацца. 29 сакавіка міністр абароны РФ Сяргей Шайгу паведаміў, што расійскае войска можа спыніць баявыя дзеянні ў кірунку Кіева і іншых гарадоў, засяродзіўшыся на Данбасе[14]. 30 сакавіка афіцыйны прадстаўнік Міністэрства абароны РФ заявіў, расійскае войска выканала свае задачы і вядзе перагрупоўку[15]. 28 сакавіка паведамлена аб вызваленні горада Ірпінь, 31 сакавіка — Бучы, 1 красавіка — Гастомэля. 2 красавіка Міністэрства абароны Украіны заявіла аб тым, што Кіеўская вобласць цалкам вызвалена[16]. Забойствы цывільнага насельніцтваРасійскія войскі з пачатку красавіка адступілі з Кіеўскай вобласці. Калі Украіна пачала аднаўляць кантроль над гэтымі тэрыторыямі, на іх было зафіксавана масавае знішчэнне мірнага насельніцтва. У першую чаргу гаворка ідзе пра Бучу, дзе, паводле папярэдніх ацэнак, загінулі не менш за 400 грамадзян. Агулам у Кіеўскай вобласці да восені знайшлі целы больш як 1200 забітых цывільных асоб. Журналісты агенцтва Associated Press і праграмы Frontline прыйшлі да высновы, што жорсткае катаванне і забойствы мірных жыхароў прыгарадаў Кіева ў першыя дні вайны былі не ініцыятывай шараговых расійскіх салдатаў, а стратэгіяй іх камандавання на задушэнне супраціву «нацыяналістаў»[17]. Зноскі
Спасылкі |
Portal di Ensiklopedia Dunia