Бітва за Мараві[9] — узброены супрацьстаянне ў горадзе Мараві, правінцыя Паўднёвы Ланаа, паміж філіпінскім урадам і ісламісцкімі ўзброенымі групоўкамі Маутэ (падраздзяленне ІДІЛ) і «Абу Саяф»[10].
Перадгісторыя
Паводле афіцыйнай версіі, сутыкненні пачаліся, калі ўрадавыя войскі пачалі аперацыю ў горадзе з мэтай захапіць Існілона Хапілона — лідара «Абу Саяф», пасля атрымання інфармацыі, што ён знаходзіцца ў Мараві, дзе, магчыма, праходзіла яго сустрэча з баевікамі Маутэ[11][12]. Сілы Хапілона адкрылі агонь па арміі і паліцыянтам, пазней да іх далучыліся баевікі групоўкі «Маутэ», якія, магчыма, нясуць адказнасць за тэракт у Даваа[13] ў 2016 годзе[14].
Групоўка Маутэ напала на ваенную базу Рана і на некалькі будынкаў у горадзе, уключаючы гарадскую галерэю, Універсітэт Мінданаа, бальніцу і гарадскую турму. Таксама баевікі захапілі галоўную вуліцу і падпалілі царкву Святой Марыі, сярэднюю школу і каледж Дансалан[15].
Напад на горад
Перастрэлкі паміж урадавымі войскамі і баевікамі пачаліся прыкладна ў 14:00 23 мая2017 года. Першае сутыкненне адбылося ў раёне Башак Малутлут, калі Хапілон выклікаў баевікоў Маутэ. Апошнія занялі бальніцу Амаі-Пакпак і загадалі ўсім супрацоўнікам пакінуць яе. Баевікі замянілі тагальскі сцяг на чорны сцяг Ісламскай дзяржавы.
103-я брыгада філіпінскай арміі, дыслакаваная ў лагеры Рана, была атакаваная больш чым 500 баевікамі групоўкі Маутэ[16]. Шэраг баевікоў, што былі на вуліцах Мараві, дасталі сцягі ІДІЛ[17].
Горад быў заблакаваны; баевікі Маутэ падпалілі некалькі будынкаў і дамоў, некалькі дзясяткаў ісламістаў занялі мэрыю горада, з двух турмаў былі вызваленыя 107 зняволеных. З-за баёў былі пашкоджаны лініі электраперадач[18]. Дарогі ў Мараві былі заблакаваныя як з боку ўрадавых сілаў, так і з боку радыкалаў.
Па некаторых даных, баевікі Маутэ выкрадалі мірных жыхароў; у прыватнасці, групоўка скрала святара і некалькі прыхаджан, запатрабаваўшы ад урадавых войскаў спыніць наступленне[19].
Сутыкненні справакавалі масавы адток жыхароў з горада і прылеглых раёнаў, з прычыны чаго хутка ўтварыліся шматкіламетровыя пробкі на шляху ў Іліган і Кагаян-дэ-Ора[20]. Па меншай меры адзінаццаць грамадзянскіх асоб былі забітыя падчас перастрэлак[21][22][23]. Таксама быў пакараны смерцю супрацоўнік паліцыі.
Аперацыя ўрадавых сіл
Пасля пачатку баёў прэзідэнт Філіпін Радрыга Дутэртэ абвясціў 23 мая ў 22:00 у Мінданаа ваеннае становішча. Згодна з Канстытуцыяй 1987 г., ваеннае становішча павінна доўжыцца 60 дзён. Апроч іншага, Дутэртэ вырашыў скараціць свой візыт у Расію[24], дзе, у ліку іншага, планаваў выступіць з лекцыяй у сценах МДІМА[25].
Віцэ-прэзідэнт краіны Лені Рабрэда заклікала да адзінства, у той час як урадавыя войскі працягвалі ўдзельнічаць у перастрэлцы з мясцовай тэрарыстычнай групоўкай у Мараві[26].
24 мая прыбыло падмацаванне ўрадавых войскаў, ваенныя аднавілі кантроль над бальніцай Амаі Пакпак. 120 мірных жыхароў былі выкарыстаны ў якасці жывога шчыта групоўкай «Маутэ» для таго, каб пакінуць бальніцу[27]. Філіпінскія ваенныя адбілі мэрыю і Універсітэт Мінданаа[28].
25 мая адбыліся баі ў раёне Паўднёвага Ланаа. Баевікі «Маутэ» і «Абу Саяф» былі заўважаныя на асноўных дарогах горада і мастах. Філіпінскія ваенныя пачалі бамбардзіроўку трох вёсак, дзе былі заўважаныя рэшткі групоўкі. На наступны дзень 26 баевікоў «Маутэ» былі забітыя; па паведамленнях тэрарыстаў, у баях таксама было забіта 39 ваеннаслужачых філіпінскай арміі[29].
4 чэрвеня бакі дамовіліся аб перамір’і[30]. На той момант баевікі ўтрымлівалі камерцыйныя будынкі ў цэнтры горада[31]. Да 16 чэрвеня пад кантролем урада знаходзілася 90 % Мараві[32][33].
4 ліпеня ўлады адбілі каледж Дансалан[34]. Праз 16 дзён ісламісты страцілі таксама мост Мапандзі[35]. 23—24 жніўня была вызвалена Вялікая мячэць Мараві[36], а хутка і каталіцкі сабор Святой Марыі[37].
1 верасня ўлады захапілі мост Баябаа[38], а 16-га выбілі праціўніка з мячэці Бата[39]. 24-га джыхадзісты страцілі мост Рая Мадая[40].
На 16 кастрычніка з моманту пачатку аперцыі знішчана больш як 820 баевікоў, звязаных з «Ісламскай дзяржавай». Тады жа былі ліквідаваныя Існілон Хапілон, які раней быў прызначаны эмірам крыла тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава« і Амархаям Маутэ — верхавод групоўкі «Маутэ»[41].
23 кастрычніка міністр абароны Дэльфін Ларэнзана заявіў, што баявыя дзеянні ў горадзе Мараві супраць баевікоў тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава» спыненыя[42].
Замежныя баевікі
25 мая паступіла паведамленне, што два малайзійскіх тэрарыста, якія былі з Існілонам Хапілонам у Мараві з мэтай стварэння ісламскай дзяржавы ў Паўднёва-Усходняй Азіі, былі ў ліку баевікоў, забітых таго ж дня. Некаторыя крыніцы таксама паведамілі, што ў выніку гарадскіх перастрэлак былі забітыя саудаўскіяарабы і інданезійцы, звязаныя з Ісламскай дзяржавай[43].
На прэс-брыфінгу ў Даваа, брыгадны генерал Рэсцітута Падылья пацвердзіў, што ў ліку радыкалаў, якія ўдзельнічалі ў гарадскіх баях, былі грамадзяне замежных дзяржаў;[44] шэсць з дванаццаці забітых у апошняй перастрэлцы баевікоў — замежнікі. Падылья паведаміў аб малайзійцах, інданезійцах, сінгапурцах і асобах неўсталяванай нацыянальнасці, якія ваявалі на баку ісламістаў[45].
Рэакцыя
Рэакцыя на ўвядзенне ваеннага становішча ў сацыяльных сетках была неадназначная: некаторыя жыхары выказалі занепакоенасць увядзеннем надзвычайнага становішча[46]. На фоне паведамленняў аб захопе «Маутэ» грамадскіх і прыватных устаноў у Мараві, з’явіліся пасты з хэштэгам #PrayForMarawi (з англ. маліся за Мараві)[47][48]. Многія філіпінскія тэлевядучыя выказалі падтрымку урадавым войскам у барацьбе супраць тэрарыстычнай групоўкі «Маутэ» ў Мінданаа[49].
Тагальскі цэнтр ісламу і дэмакратыі асудзіў дзеянні баевікоў і заявіў, што гэтыя дзеянні супярэчаць вучэнню ісламу. Мусульманская група адзначыла, што баі пачаліся ў той час, калі мусульмане рыхтаваліся да Рамадану, што толькі пацвярджае супярэчнасць іх рэлігіі[50].
↑Punongbayan, Michael (September 25, 2017). "Generals cross Marawi bridges". The Philippine Star. Архівавана з арыгінала September 24, 2017. Праверана September 25, 2017.