Войцех Дамарацкі

Войцех Дамарацкі
Род дзейнасці рэвалюцыянер
Дата нараджэння 3 лютага 1840(1840-02-03)
Дата смерці 24 красавіка 1863(1863-04-24) (23 гады)
Месца смерці

Войцех Іосіфавіч Дамарацкі (3 лютага 1840 — 24 красавіка 1863) — студэнт Горы-Горацкага земляробчага інстытута, удзельнік паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Загінуў пры вызваленні Горак ад царскай улады.

Біяграфія

Войцех Дамарацкі нарадзіўся на Валыні ў сям'і збяднелага шляхціча Язэпа Вiкенцьевiча Дамарацкага.

22 чэрвеня 1858 года скончыў Валынскую губернскую гімназію, пасля чаго паступіў у Горы-Горацкiм земляробчы iнстытут.

Магіла Войцеха Дамарацкага
Магіла Войцеха Дамарацкага на тэрыторыі дэндрапарка БДСГА ў Горках.

Там ён займаўся падпольнай дзейнасцю супраць царскага рэжыму, увайшоў у студэнцка-прафесарскі клуб, у дзейнасці якога бралі ўдзел вядучыя выкладчыкі інстытута. Яны абмяркоўвалі злабадзённыя палітычныя пытанні і будучую аграрную рэформу.

У 1862 годзе Дамарацкі стаў удзельнікам сакрэтнага студэнцкага камітэта, сябры якога рыхтаваліся да паўстання Каліноўскага. У яго ўваходзілі В. Антановіч, С. Віскоўскі, С. Дымкевіч, З. Міткевіч, Р. Чарвінскі і іншыя. Яны перыядычна выязджалі за горад і трэніраваліся ў стральбе, а таксама адкрылі для сялянскіх дзяцей народную школу, выкладанне ў якой вялося на беларускай мове. Лічыўся душой камітэта.

24 красавіка 1863 года ў Горкі ўвайшоў атрад Людвіга Звяждоўскага, паплечніка Кастуся Каліноўскага, і абвясціў аб усталяванні ў мястэчку народнай улады. З гэтага пачалося паўстанне 1863 года ў Горках. Змагароў падтрымалі студэнты мясцовага інстытута. Але падчас бою паўстанцы панеслі страты.

Адным з забітых быў Войцех Дамарацкі, ягоная каманда напала на казарму, там ён быў заколаты салдацкім штыхом.

На наступны дзень Дамарацкага вырашылі пахаваць, але зрабіць труну не было часу. Таму паўстанцы звярнуліся да дырэктара Горацкага інстытута Рудольфа Траўтфетара, які даў дарагі дыван. Паўстанцы загарнулі ў яго забітага Дамарацкага, паклалі на стрэльбы, як на насілкі, і аднеслі да месца пахавання. Для яго быў абраны істытуцкі дрэўны завод за рэчкай Капылкай. Дамарацкага пахавалі сярод бяроз на паўноўчна-заходнім ускрайку завода з ваеннай пашанай пад стрэлы з ружжаў. На цырымоніі прысутнічаў Звяждоўскі і большасць паўстанцаў. На бярозе побач з магілай быў выразаны крыж і прозвішча студэнта Дамарацкага. Паводле ўспамінаў прафесара Рытава, які прыехаў у Горкі праз 16 гадоў пасля паўстання, гэты знак яшчэ быў бачны на дрэве. Аднак у ноч пасля пахавання магілу раскапалі невядомыя і забралі адтуль дарагі дыван, боты паўстанца і вопратку. Праз 20 гадоў магілу ізноў раскапалі — на гэты раз вучань Горацкага земляробчага вучылішча Грыгаровіч. Адтуль ён забраў чэрап Дамарацкага. Паліцыя палічыла гэта палітычным актам, але даказаць не змагла[1].

Памяць

У савецкі час на магіле гераічнага студэнта была пакладзена пліта з адпаведным надпісам.

З часам пахаванне Дамарацкага было занядбана, а надмагільная пліта раскалолася.

У 2010 годзе кіраўніцтва БДСГА аднавіла і добраўпарадкавала пахаванне, усталявала над ім помнік[2].

Штогод на Дзень незалежнасці БНР на магілу Дамарацкага прыходзяць жыхары Горак, каб ускласці кветкі.

Крыніцы

  1. Цытовіч, С. 1863 год у Горы-Горках б. Магілёўскай губ. (Падзеі паўстання). — Менск: Друк Беларус. акад, навук, 1929.
  2. Свабода, Радыё. Аднавілі надмагільле каліноўцу, ды зрабілі надпіс па-расейску . Радыё Свабода (18 лістапада 2010). Праверана 14 мая 2025.

Спасылкі

Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya