Вячэра (возера)
Вячэ́ра — возера ў Любанскім раёне Мінскай вобласці Беларусі, за 12 км на паўднёвы ўсход ад горада Любань, каля вёскі Азярное, у басейне ракі Арэса. ГідраграфіяВозера мае няправільную, авальную форму, выцягнутая з поўначы на поўдзень. Плошча возера 3,24 км², даўжыня 2,75 км, найбольшая шырыня 1,55 км. Даўжыня берагавой лініі 7,45 км. Аб’ём вады 3,51 млн м³. Возера мелкаводнае, найбольшая глыбіня 2,5 м. Катлавіна возера плоская, рэшткавага тыпу. Дно плоскае, выслана сапрапелем, уздоўж усходняга берага пясчанае. Сярэдняя магутнасць сапрапелевых адкладаў 2,5 м, найбольшая 3,7 м. Берагі нізкія, тарфяністыя, на ўсходзе пясчаныя. ЭкалогіяМінералізацыя вады 106—108 мг/дм³, празрыстасць 1,6 м. Шырыня паласы надводнай расліннасці ад 25 да 40 м. Біямаса фітапланктону 12,02 г/м³, зоапланктону 1,51 г/м³, зоабентасу 9,58 г/м³. Возера выкарыстоўваецца ў якасці водапрыёмніка меліярацыйных сістэм. Вядзецца здабыча сапрапелю, агульныя запасы якога складаюць 7,5 млн м³, у тым ліку: карбанатнага тыпу — 4 млн м³, змешанага тыпу — 3,5 млн м³. Возера слабапраточнае, злучана з Чабускім каналам. У выніку меліярацыйных работ возера абмялела і штучна папаўняецца праз магістральны канал з ракі Арэса. У возеры водзяцца карась, лінь, карп, джгір і іншыя віды рыб. Літаратура
Спасылкі |
Portal di Ensiklopedia Dunia