Віленскі алюмнатВіленскі алюмнат, або Віленская Папская семінарыя — вучэбная ўстанова пры Віленскай акадэміі, якая рыхтавала каталіцкіх місіянераў для пратэстанцкіх і праваслаўных краін. Заснавана па ініцыятыве Антоніа Пасевіна на падставе брэве папы Рыгора ХІІІ ад 5 лютага 1583. Адчынены прыватна ў красавіку 1583 года, афіцыйна — 10 ліпеня 1585. Утрымліваўся папам рымскім, які штогод адпускаў на Віленскі алюмнат 1200 скуда. Прызначаны ў асноўным для навучання русінаў ВКЛ і выхадцаў з Маскоўскай дзяржавы, вучыліся таксама ўраджэнцы Швецыі, Фінляндыі, Даніі, Англіі, Германіі. Адначасова вучылася каля 20 студэнтаў. Першапачаткова навучэнцы не былі абавязаны прымаць святарства пасля сканчэння тэрміна навучання, большасць з іх заставалася ў свецкім стане. Пасля 1625 года ад выпускнікоў пачалі патрабаваць абавязковага прыняцця святарства. Найбольш здольныя студэнты вывучалі філасофію і тэалогію непасрэдна ў Віленскай акадэміі. На чале Віленскага алюмната стаяў рэгент. Меў уласную бібліятэку. На мяжы 16 і 17 стагоддзяў алюмнату падпарадкавана Семінарыя перакладчыкаў у Дорпаце, якая рыхтавала каталіцкую літаратуру для прыбалтыйскіх краін (дзейнічала да 1625). У 1622 годзе Віленскі алюмнат падпарадкаваны Кангрэгацыі прапаганды веры. У 1651—1665 гадах з-за ваенных дзеянняў не дзейнічаў. У 1753 годзе рымскі папа Бенядзікт XIV перарабіў яго ў школу для ўніяцкага духавенства, былі вызначаны квоты месцаў для розных уніяцкіх дыяцэзій. У 1773 годзе з-за скасавання ордэна езуітаў апека над Віленскім алюмнатам перайшла да ўніяцкага базыльянскага ордэна. Віленскі алюмнат працаваў да 1798 года. Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia