Гракліяні
Гракліяні (груз. გრაკლიანი) — гара і археалагічны помнік нацыянальнага значэння ў Грузіі. Знаходзіцца на беразе ракі Лехуры каля вёскі Ігаеці Каспскага муніцыпалітэта ў краі Шыда-Картлі[1][2][3]. ГісторыяПадчас будаўніцтва аўтамагістралі Тбілісі — Сенакі — Леселідзэ ў 2007 годзе былі зроблены першыя археалагічныя знаходкі на гары Гракліяні[1]. З тых часоў тут працуе археалагічная экспедыцыя Тбіліскага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам прафесара Вахтанга Лічэлі. У ходзе раскопак былі выяўлены паселішча, два храмавыя комплексы і пахаванні. Сярод знойдзеных тут прадметаў — унікальныя для Каўказскага рэгіёна пячаткі з Паўднёвай Месапатаміі IV стагоддзя да нашай эры, а таксама нагрудныя дыскі з золата і бронзы[2], выразаныя з каменю дзіцячыя цацкі, імітацыя персідскай керамікі[4], прадметы бытавога, культавага, ваеннага, фармацэўтычнага прызначэння[3] і іншае. У ходзе вывучэння ў адным з каменных храмаў выявілася змешванне розных рэлігій: тут і персідскі зараастрыйскі алтар, і скульптурныя выявы, што адносяцца да традыцыйнай каўказскай рэлігіі[4]. У верасні 2014 года археалагічны аб’ект на гары Гракліяні атрымаў афіцыйны статус гістарычнага помніка, той жа восенню Міністэрства культуры і аховы помнікаў Грузіі прыняло рашэнне аб стварэнні тут музея пад адкрытым небам[2]. У 2015 годзе пры раскопках у адным з храмаў Гракліяні, прысвечаным багіні ўрадлівасці, на пастаменце алтара быў выяўлены надпіс на незразумелай мове, папярэдне датаваны VII стагоддзем да нашай эры. Праведзены ў 2016 годзе лабараторыяй «Beta Analytic» (Маямі, ЗША) радыевугляродны аналіз паказаў, што гэты надпіс зроблены ў канцы XI — пачатку Х стагоддзя да нашай эры[5]. Такім чынам, гэты надпіс больш чым на тысячу гадоў старэйшы за самыя старажытныя са знойдзеных раней на Каўказе. Вахтанг Лічэлі адзначыў, што літары гэтага надпісу нагадваюць грэчаскія і арамейскія , хоць пакуль і не вызначана іх адпаведнасць ніводнай з вядомых пісьменнасцяў. Таксама на адным з вуглоў другога алтара былі выяўленыя яшчэ тры выразаныя ў гліне літары, якія адрозніваюцца ад ужо згаданага надпісу, — тлумачэння незвычайнага суседства ў адным храме надпісаў на розных мовах пакуль не знойдзена[4][6]. Шматлікія культурныя пласты, з якіх раскапана ўжо адзінаццаць, паказваюць гісторыю дзейнасці чалавека ў рэгіёне за 300 тысяч гадоў, пачынаючы з каменнага веку[3]. Зноскі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia