Далмабахчэ
Далмабахчэ́ (турэцк.: Dolmabahçe у перакладзе з турэцкага азначае насыпны сад) — палац асманскіх султанаў на еўрапейскім баку Басфора ў Стамбуле на мяжы раёнаў Бешыкташ і Кабаташ. Будаваўся ў 1842-53 гг. для Абдул-Меджыда I, якога больш не задавольваў сярэднявечны палацавы комплекс Тапкапы і ён жадаў мець палац у стылі барока, здольны пасупернічаць у вытанчанасці з еўрапейскімі рэзідэнцыямі XVIII стагоддзя. У якасці архітэктараў выступалі армяне з сямейства Бальянаў. На ўпрыгожванне Крыштальнай лесвіцы і іншых інтэр’ераў было выкарыстана 14 тон золата, а агульны кошт будаўніцтва перавысіў пяць мільёнаў залатых фунтаў. Сярод асноўных славутасцей — падораная каралевай Вікторыяй жырандоля з багемскага шкла, вагай амаль у пяць тон, і збор карцін Айвазоўскага, якія мастак выканаў па замове султана. За некалькі дзесяцігоддзяў палацавы комплекс, першапачаткова сціплы па памерах, разросся да таго, што заняў 45 тыс. кв. метраў. У 1889 годзе Абдул-Хамід II перанёс сваю рэзідэнцыю ў новы палац Йылдыз, аднак яго пераемнікі вярнуліся ў Далмабахчэ. Пасля падзення манархіі ў палацы пасяліўся Атацюрк; тут ён і памёр 10 лістапада 1938 года. Палац заставаўся музеем аж да верасня 2007 года, калі турэцкі парламент ізноў вярнуў яму палітычную функцыю, зрабіўшы Далмабахчэ афіцыйнай рэзідэнцыяй прэм’ер-міністра ў Стамбуле.
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia