Дзянісенкі (курганны могільнік)Дзяні́сенкі — археалагічны помнік: курганны могільнік крывічоў у Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці Беларусі. За 500 м на паўднёвы ўсход ад вёскі, на беразе возера Лісна. Складаецца з 2 частак: у паўднёвай — 29 курганоў, у паўночнай — 13. Курганы круглыя вышынёй 0,4 — 1 м, дыяметрам 5 — 12 м. У 1974 г. 9 насыпаў даследавала Зоя Сяргеева. Ва ўсіх даследаваных курганах зафіксавана перадмацерыковая попельная праслойка. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на мацерыку (у чатырох курганах) і ў падкурганных ямах (у пяці). Былі знойдзены жалезны утулкавы наканечнік дзіды з пяром рамбічнага сячэння, 3 нажы, падковападобная фібула са спіральнымі канцамі, галаўны вянок са спіралей і пласцін, бронзавыя крыжападобныя падвескі, паясныя кольцы, лірападобная спражка, пярсцёнкі з бронзавага дроту, шкляныя пацеркі. Посуд ляпны і кругавы. Ляпныя пасудзіны (2) выцягнутыя, у адной венчык прамы, у другой злёгку адагнуты, адзін гаршчок арнаментаваны уздоўж шыйкі. Ганчарная пасудзіна прысадзістая, тулава з круглаватымі бакамі, венчык рэзка адагнуты вонкі. У курганах з трупапалажэннем на мацерыку выяўлены знаходкі X — XI стст., у курганах з трупапалажэннем у падкурганных ямах — XI — XII стст. Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia