Жаніцьба Цярэшкі ў Лепельскім раёне

Удзельнікі абраду «Жаніцьба Цярэшкі». Вёска Майсюціна Глыбоцкага раёна, 1962 г.

Традыцыйная гульня «Жаніцьба Цярэшкі» ў Лепельскім раёне Віцебскай вобласці — гэта элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі, які ўяўляе сабой абрадавую гульню каляднага цыклу і праводзіцца ў часы сонцазвароту по традыцыйным абрадавым рэгламенце шлюбных навагодніх забаў моладзі[1].

Зона бытавання жывой традыцыі гульні-абрада ў Лепельскім раёне — вёскі Велеўшчына, Поўсвіж, Аношкі, Стары Лепель, Барсукі, Цярэшкі[2].

Калядна-абрадавая гульня ўяўляе сабой вясельна-тэатральную дзею, у якой спалучаюцца тэатр, спевы, танцы, музыка, імправізацыя. Сутнасць гульні заключаецца ў магчымасці для моладзі праявіць сваю прыхільнасць для знаёмства, знайсці сабе пару. З боку старэйшых выбіраюць «бацьку» і «маці», якія сочаць за парадкам правядзення абраду «Жаніцьбы Цярэшкі», рытуальна-абрадавым частаваннем і агульным вяселлем, дзе няма гледачоў і выканаўцаў, усе з’яўляюцца ўдзельнікамі. Даволі часта пары-ўдзельнікі каляднай абрадавай гульні, потым спраўляюць сапраўднае вяселле. Галоўны персанаж каляднага ігрышча Цярэшка мае міфічнае паходжанне. Цярэшка сустракаецца ў народнай казцы як «драўляны хлопчык», што ажывае на радасць бяздзетным бацькам. «Цярэшка» — нацыянальная культурная адметнасць беларусаў. Слова набывае агульна беларускі сэнс, што праяўляецца ў тапаніміцы (асабліва ў назвах вёсак), народнай творчасці (найбольш каляндарнай і казкавай), сучаснай культуры[3].

Традыцыйная калядная гульня «Жаніцьба Цярэшкі» ў Лепельскім раёне з кожным годам атрымлівае ўсё большую папулярнасць, на тэрыторыі раёна працягваецца аднаўленне гульні. З мэтай паглыблення ведаў людзей аб народных традыцыях, далучэння дзяцей і моладзі да духоўных скарбаў беларускага народа, папулярызацыі традыцыйнай культуры кожны год праводзяцца пазнаваўчаасветніцкія мерапрыемствы, на якіх гледачы маюць магчымасць атрымаць шмат цікавай інфармацыі па гісторыі і этнаграфіі свайго народа, паслухаць народныя песні, пагуляць і інш. На Каляды 2015—2016 гг. Цярэшку «пажанілі» ў вёсках Велеўшчына, Цярэшкі, Стаі, Люгжына, Поўсвіж, Горкі, Селішча Лепельскага раёна. Кожны год у Слабадской школе праходзіць непасрэднае далучэнне дзяцей да беларускіх народных традыцый — знаёмства з каляднай гульнёй «Жаніцьба Цярэшкі», дзе звычайныя вясковыя вучні могуць атрымаць сапраўдны майстар-клас па беларускіх народных танцах ад настаўнікаў Стайскай традыцыйнай школы мастацтваў і ўдзельнікаў заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь «Сунічкі». 10 студзеня 2015 г. у в. Велеўшчына прайшла дваццатая юбілейная традыцыйная калядная гульня «Жаніцьба Цярэшкі», дзе людзі змаглі захаваць гульню ў першапачатковым варыянце. Дзякуючы іх вопыту гэтую традыцыю змаглі аднавіць і ў іншых вёсках Лепельскага раёна. На традыцыйнай гульні ў в. Велеўшчына была зарэгістравана рэкордная колькасць прысутных і ўдзельнікаў, больш за семдзесят чалавек. Прысутнічалі не толькі мясцовыя жыхары і госці з Лепельскага раёна, але, нават, прыхільнікі традыцыйнай каляднай гульні з Мінску[4].

Крыніцы

  1. Чурко Ю. М. Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Редкал. І. П. Шамяк (гл. рэд.) і інш. — Мн.: Беларуская савецкая энцыклапедыя, 1989. — С. 194. — 574 с. — ISBN 5857000149.
  2. Салавей, Л.М. Жаніцьба Цярэшкі / Уклад. тэкстаў, уступ. арт. і камент. Л. М. Салавей; Уклад, сістэм. і расшыфроўка муз. матэрыялу, уступ. арт. і камент. І. Дз. Назінай. — Мн.: Навукаі тэхніка, 1992. — С. 519. — 515—518 с. — ISBN 5-343-00675-2.
  3. Традыцыйная гульня «Жаніцьба Цярэшкі» ў Лепельскім раёне Віцебскай вобласці . ГУ «Витебский областной методический центр народного творчества».
  4. Справаздача аб рэалізацыі мер па захаванню нематэрыяльнай культурнай спадчыны (НКС) Беларусі за 2015 г. . Жывая спадчына Беларусі.
Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya