Замошша (гарадзішча)
Замошша — археалагічны помнік каля вёскі Замошша 2 Полацкага раёна Віцебскай вобласці. Знаходзіцца за 0,3 км на паўднёвы захад ад вёскі, на ўзгорку вышынёй каля 13 м, сярод забалочанай мясцовасці. АпісаннеПляцоўка авальнай формы памерам 53×37 м, на ўзгорку вышынёй да 14 м, сярод забалочанай мясцовасці, валы і равы не прасочваюцца. Вядома з канца XIX ст. Даследавалі ў 1949 годзе А. Р. Мітрафанаў (выявіў ляпную гладкасценную кераміку), у 1974 годзе — Г. В. Штыхаў (залажыў раскоп 16 кв. м), у 1977 годзе — В. І. Шадыра (ускрыў больш за 500 кв. м). Культурны пласт ад 2,5 м у цэнтры пляцоўкі да 0,5 м па краях. Выяўлена шмат вырабаў з каменю, косці, гліны, жалеза. Сярод каменных прылад — плоскія клінападобныя і свідраваныя сякеры, зерняцёркі, цёрачнікі, таўкачы, прасліцы. Знаходкі найбольш прадстаўлены касцянымі вырабамі (больш за 200) — прылады працы (долаты, прасліцы, шылы, праколкі, іголкі і інш.), зброя (наканечнікі дзід, дроцікаў, стрэл, ручкі кінжалаў, баявых нажоў), упрыгожанні (шпількі, падвескі, амулеты), розныя дробныя вырабы. З найбольш цікавых знаходак — касцяныя шпількі з вытанчанай формай галоўкі, якія з’яўляюцца спецыфічнымі прадметамі ўбранства старажытных балтаў, маюць шматлікія аналагі ў Прыбалтыцы, датуюцца VIII—VII стст. да н.э. Гэтыя знаходкі вызначаюць ніжнюю дату гарадзішча, якое ў цэлым адносіцца да днепра-дзвінскай культуры. У верхніх пластах знойдзены жалезныя сякеры, шылы, фрагменты вузкалязовых сякер, сярпы з прамавугольнай спінкай, характэрныя толькі для гарадзішчаў Беларускага Падзвіння, а таксама сярпы латгальскага тыпу. На мацерыку выяўлены рэшткі агнішчаў, круглыя ямы (дыяметрам 2,5—3 м, глыбінёй 0,6—1 м), запоўненыя вугалем, касцямі жывёл, рэшткамі посуду, разнастайнымі вырабамі з каменю і косці, абпаленымі камянямі. Яны адносяцца да найбольш ранняга перыяду існавання гарадзішча. Магчыма, яны звязаны з рэшткамі жытлаў-зямлянак, якія звычайна рэканструююцца ў выглядзе будана з канічным дахам. На гарадзішчы сабраны абломкі гладкасценнага глінянага посуду слоікападобных і слабапрафіляваных форм. Для слоікападобных гаршкоў характэрны адтуліны на венчыку. Слабапрафіляваныя пасудзіны арнаментаваны пракрэсленымі лініямі ці скразнымі адтулінамі. Зрэдку сустракаецца штрыхаваная кераміка. У больш позні час гарадзішча выкарыстоўвалася як сховішча. Гарадзішча адносіцца да днепра-дзвінскай культуры і датуецца VIII ст. да н.э. — VI ст. н. э. Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia