Зора
Зо́ра (ад ісп.: Zorro — «ліс»[1] або сеньёр Зо́ра ісп.: Señor Zorro) — выдуманы персанаж, варыяцыя на тэму Робін Гуда, «герой у масцы», які прыходзіць на дапамогу абяздоленым жыхарам Новай Іспаніі. Зора з’яўляецца персанажам народных апавяданняў жыхароў Новай Іспаніі, вядомы з пачатку XVII стагоддзя. Паводле паданняў пад маскай Зора быў не адзін канкрэтны чалавек, а розныя людзі. Калі надыходзілі цяжкія часы і народу патрабавалася дапамога, кожны ахвочы мог апрануць самаробны касцюм Зора і ананімна прыйсці на выручку. Вядомыя выпадкі, калі асобу Зора прыпісвалі розным авантурыстам, злачынцам і лідарам партызанскага руху часоў амерыкана-мексіканскай вайны. Славу літаратурнага персанажа ён атрымаў значна пазней у прыгодніцкіх кнігах пісьменніка Джонстана Мак-Калі . Упершыню ў друкаванай літаратуры ён з’яўляецца ў аповесці «Праклён Капістрана », апублікаванай у 1919 годзе. На наступны год з’явіўся першы фільм «Знак Зора» з Дугласам Фэрбенксам у галоўнай ролі. Пазней пра Зора было знята мноства фільмаў як у Амерыцы, так і за яе межамі. Паводле народных легенд першым, хто апрануў касцюм Зора, быў багаты дваранін дон Дыега дэ ла Вега (ісп.: Don Diego de la Vega) — майстэрскі фехтавальшчык, які жыў у Каліфорніі ў гады іспанскага валадарання, хоць вызначыць, ці існаваў такі чалавек насамрэч, не ўяўляецца магчымым. Іншым вядомым прататыпам быў ірландскі авантурыст Уільям Лэмпарт (1615—1659), спалены на вогнішчы ў Мехіка па абвінавачанні ў ерасі, бурным прыгодам якога прысвяціў свой раман «Мемуары самазванца: дон Гільен дэ Лампарт, кароль Мексікі» (ісп.: Memorias de un impostor, don Guillén de Lampart, rey de México, 1872) мексіканскі пісьменнік-белетрыст Вісэнтэ Рыва Паласіа . Персанаж з часам зведаў змены, аднак нязменнай застаецца выява высакароднага і адважнага героя, які апрануты ва ўсё чорнае і хавае твар пад чорнай маскай. Ён абараняе людзей ад самаўпраўнасці ўладаў і злачынцаў. Любімая зброя Зора — рапіра, якую ён часта выкарыстоўвае, каб пакінуць свой адметны знак — літару Z, якую наносіць трыма хуткімі рухамі. Ён таксама выкарыстоўвае пугу . У яго ёсць верны сябар — чорны конь па мянушцы «Тарнада»[2][3]. Экранізацыі
Зноскі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia