Калаўроткі
Калаўроткі[1] (Rotifera = Rotatoria) — тып мнагаклетачных водных жывёл, раней адносіліся да групы першаснаполасцевых чарвей. Асноўнай прыкметай з'яўляецца наяўнасць так званага калаўротнага апарата на пярэднім канцы цела, які выкарыстоўваецца для харчавання і руху. АпісаннеНайменшыя жывёлы з шматклетачных (даўжыня 0,04—2,5 мм), бясколерныя і каляровыя, двухбаковасіметрычныя. Кожнаму віду ўласціва пэўная і пастаянная кольнасць клетак (напр., асплянхна першасназубая (Asplanchna priodonta) мае 900 клетак). Цела выцягнутае, шарападобнае, звычайма падзелена на галаву, тулава і нагу (зрэдку рэдукаваную), укрыта кутыкулай. У многіх калаўротак ёсць панцыр або вакол цела ўтвараюцца футляры, домікі, чахлы. На заднім канцы цела знаходзіцца рухомая нага, якая заканчваецца адным ці двума вырастамі, з дапамогай якіх калаўроткі могуць прымацоўвацца да субстрату. На галаве маецца сістэма раснічак (звычайна два рады) і іх вытворных. Яны акружаюць пярэдні канец цела і спускаюцца на брушны бок, утвараюць вадаварот, з дапамогай іх калаўроткі перамяшчаюцца і ўцягваюць у рот ежу. Біццё раснічак нагадвае рух калаўрота, і гэта дало назву органу і тыпу жывёл. Ротавая адтуліна размешчна на брушным баку. Першасная поласць цела запоўнена вадкасцю, якая мае крывяносную і дыхальную функцыі. Ёсць стрававальная, выдзяляльная, мышачная, полавая і нервовая сістэмы. Характэрна жавальная глотка, якая знаходзіцца ў пярэднім аддзеле кішэчніка. Нервовая сістэма складаецца з галаўнога ганглія і двух бакавых нервовых цяжаў, злучаных з некалькімі парамі больш дробных бакавых гангліяў (усяго да 200 нейронаў); сенсорныя органы прадстаўлены механа-, хема- і фотарэцэптарнымі сенсіламі. Органы выдзялення (протанефрыдыі) адкрываюцца ў клааку. Большасць адкладвае яйцы, ёсць жывародныя. Яечнікі (няпарныя або парныя) з пастаяннай колькасцю аацытаў, часта з жаўточнікамі, якія забяспечваюць жыўленне зародка. Самцы карлікавыя, не кормяцца, вядомыя не ва ўсіх відаў. ПашырэннеКасмапаліты. Пашыраны ў прэсных і саланаватых вадаёмах, а таксама ў прыбярэжным пяску, імху, глебе. Адзіночныя ці каланіяльныя (калоніі дыяметрам да 3—4 мм), плаваюць ці прымацаваныя да субстрату. Вядома каля 1500 відаў калаўротак, у Беларусі — каля 100 відаў. У асноўным гэта прэснаводныя насельнікі, але таксама яны водзяцца ў моры і вільготных глебах. Уваходзяць у склад бентасу і планктону. Асаблівасці біялогііПераважна паліфагі — кормяцца водарасцямі, бактэрыямі, дэтрытам. Ёсць драпежнікі (кормяцца прасцейшымі, радзей — дробнымі калаўроткамі) і паразіты беспазваночных і раслін. Маса пажывы, якая паглынаецца за суткі, можа перавышаць масу цела асобіны ў 6 разоў. У жыццёвым цыкле адзначаецца спалучэнне аднаполага размнажэння з двухполым (гетэрагенія) ці выключна аднаполае (партэнагенез). Партэнагенетычнае размнажэнне пераважае, але чаргуецца з палавым: у пэўны момант з’яўляюцца карлікавыя гаплоідныя самцы; пасля спароўвання самкі адкладваюць яйцы са шчыльнай двайной абалонкай, з якіх пасля перыяду спакою з’яўляюцца партэнагенетычныя самкі. Развіццё прамое. Праз 2—4 сутак з яйца вылупліваецца маленьная калаўротка, якая праз 2—4 сутак пачынае адкладваць яйцы. Пры неспрыяльных умовах упадаюць у анабіёз. Значэнне ў прыродзеУдзельнічаюць у самаачышчэнні вадаёмаў. Пажыва для планктонаеднай моладзі рыб. Гадуюць на корм для лічынак рыб. Зноскі
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia