Камедыя (п’еса)
«Камедыя» — п'еса Каятана Марашэўскага, упершыню пастаўленая ў 1787 годзе навучэнцамі Забельскага дамініканскага калегіума. У радзе з польскімі ўстаўкамі, большасць сцэн п'есы напісаныя беларускай гутарковай мовай таго часу. Гісторыя публікацыіУпершыню рукапіс п'есы быў апісаны ў 1909 годзе ў «Русском филологическом вестнике»[1]. Поўны тэкст «Камедыі» з каментарыямі быў апублікаваны У. Ператцам у 1911 годзе[2]. Вялікія вытрымкі з п'есы былі апублікаваныя Я. Карскім у газеце «Беларусь» (1920, № 100, 106—107). Скарочаны тэкст «Камедыі» надрукаваў А. Ф. Коршунаў у «Хрэстаматыі па старажытнай беларускай літаратуры» (Мн., 1959. С. 387—403). Поўны тэкст п'есы з перакладам польскамоўнай яе часткі на беларускую мову быў змешчаны ў зборніку «Беларуская дакастрычніцкая драматургія» (Мн., 1978. С. 9—40). ЗместГалоўны герой п'есы, селянін Дзёмка, вельмі незадаволены сваім лёсам. Ён працуе ад зары да зары, але не бачыць вынікаў гэтай працы, бо яны дастаюцца іншым. Будучыня здаецца герою безвыходнай. У адным з маналогаў ён жаліцца:
Дзёмка перакананы, што прычына ўсіх яго бядот — «першародны грэх» біблейскага Адама. Чорт, які выступае перад героем у абліччы паніча, тут жа абвяргае такія абвінавачанні: Адам проста не мог утрымацца ад спакусы, бо чалавек увогуле слабы і бязвольны па сваёй натуры, вось і ён, Дзёмка, наўрад ці зможа прамаўчаць хаця б з паўгадзіны. Заключаецца заклад на Дзёмкаву душу. У адпаведнасці з фальклорнымі традыцыямі чорт тройчы спакушае селяніна, а селянін тройчы парушае дадзенае слова. На першы погляд ва ўсіх выпадках, прынамсі фармальна, перамог чорт. Але па сутнасці ў маральных адносінах перамогу атрымаў Дзёмка. Ва ўсіх трох выпадках ён свядома парушаў маўчанне па сваёй высакароднасці, бескарысліва прыходзячы на дапамогу іншым. Сваімі гуманнымі паводзінамі Дзёмка нібы абвергнуў самога сябе, даказаў, што ні «першародны грэх», ні наканаванасць не маюць уплыву на чалавечы лёс. Усё, аказваецца, залежыць толькі ад чалавека, ад яго ўнутраных якасцяў. Такая чыста асветніцкая канцэпцыя «Камедыі» была палемічна скіравана супраць сярэднявечнай схаластыкі, якая даказвала прадвызначанасць усіх дзеянняў. Як асветнік Марашэўскі бачыў у чалавеку, у яго маральным удасканаленні панацэю ад сацыяльных бядот. Грамадскі канфлікт, які пазначыўся ў «Камедыі», вырашаецца ў чыста маральна-этычным плане. У заключным маналогу Дзёмка раскайваецца ў тым, што ён не слухаў пана і жаліўся на лёс, раіць сялянам не грашыць, не красці ў багатых. Такім чынам, пазіцыя аўтара вызначаецца дваістасцю: з аднаго боку, ён сімпатызуе свайму герою, ухваляе яго пратэст супраць сацыяльнай несправядлівасці, з другога боку, заклікае да паслухмянасці. Абмежаванасць і супярэчлівасць Марашэўскага тлумачыцца абмежаванасцю і супярэчлівасцю асветніцкай ідэалогіі, утапічнасцю і неакрэсленасцю яе ідэалаў. «Камедыя» К. Марашэўскага напісана ў адпаведнасці з канонамі класіцысцкай эстэтыкі. У ёй захавана адзінства часу, месца і дзеяння, адчуваецца рацыяналістычная зададзенасць. Але аўтар імкнецца ў схематычныя вобразы ўдыхнуць жыццё. Камізм сітуацый у п'есе спалучаецца з камізмам характараў. Дзёмка — не толькі абагульнены інтэрмедыйны тып («русін» ці «літвін»), у яго ёсць імя, індывідуальнасць, характар, які мяняецца ў залежнасці ад абставін. У адных выпадках ён добры, у іншых жорсткі, у адных сцэнах праяўляе кемлівасць, хітрасць, у іншых прыкідваецца прыдуркаватым. У Дзёмкі свой тон і стыль гаворкі — то ўпэўнены і рэзкаваты, то ліслівы ці фамільярны. Перад намі чалавек, надзелены складанымі пачуццямі, станоўчымі і адмоўнымі якасцямі. У двухмоўнай беларуска-польскай п'есе двое з трох асноўных герояў (Дзёмка і карчмар) гавораць па-беларуску. ЖанрНезважаючы на тое, што твор напісаны ў эпоху Асветніцтва, у яго аснову пакладзена контррэфармацыйная (барочная) ідэя пра ўсемагутнасць Бога і нікчэмнасць чалавека. Разам з тым, рысы асветніцкага рэалізму выразна выяўляюцца ў тых сцэнах, якія апавядаюць пра жыццё беларусай вёскі. «Камедыя» К. Марашэўскага своеасабліва сінтэзавала старыя традыцыі і новыя, асветніцкія тэндэнцыі. Яшчэ выразна адчуваецца залежнасць ад барочнай драмы-маралітэ (павучальнасць фіналу, адсутнасць жаночых вобразаў, выкарыстанне біблейскага матыву). Асобныя сцэны яшчэ маюць адносна самастойны характар, нагадваюць устаўныя інтэрмедыі. Аднак у цэлым у «Камедыі» пераважаюць ужо рысы новай літаратуры. Тут праўдзіва адлюстраваліся супярэчнасці прыгоннай вёскі, умовы жыцця беларускага сялянства. С. Лаўшук адзначае, што нягледзячы на тое, што сваімі выяўленчымі параметрамі «Камедыя» не месціцца ў нейкія кананічныя рамкі, у ёй на поўны голас загучалі ідэі беларускага асветніцкага рэалізму[3]. АцэнкіВысока ацаніў «Камедыю» Францішак Аляхновіч, які лічыў яе творам пераходным, своеасаблівым мастком ад «няхітрых даўнішніх інтэрмедый» да сапраўднай прафесійнай драматургіі ў народным духу[4]. Захоплены жывой беларускай мовай камедыі, некаторыя часткі маналогаў Дзёмкі драматург скарыстаў у сваёй п'есе «Птушка шчасця»[4]. Інакш успрымаў сацыяльную змястоўнасць п'есу Максім Гарэцкі:
Даследнік гісторыі даўняй беларускай літаратуры А. Коршунаў адзначаў, што «ў самыя змрочныя часы каталіцкай рэакцыі, насуперак асабістым жаданням аўтара, аб'ектыўна прапагандавала жывую гутарковую беларускую мову... «Камедыя» Марашэўскага — гэта жывая бытавая замалёўка з жыцця беларускага селяніна XVIII ст., пададзеная ў рэалістычным плане»[6]. Зноскі
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia