Касцявы мозгКасцявы мозг[1] або шпік[2] — цэнтральны орган крывятвору , размешчаны ў губкаватым рэчыве касцей і касцёвамазгавых поласцях пазваночных жывёл і чалавека. Выконвае таксама функцыі біялагічнай аховы арганізма і косцеўтварэння[3]. У чалавека касцявы мозг паяўляецца на другім месяцы эмбрыянальнага развіцця ў закладцы ключыцы, на трэцім месяцы — у лапатках, рэбрах, грудзіне, пазванках і інш., на пятым — функцыянуе як асноўны крывятворны орган. Маса касцявога мозгу ў дарослага чалавека да 3700 г (3,4—5,9 % ад масы цела). Складаецца з рэтыкулярнай тканкі, крывятворных і тлушчавых клетак; забяспечаны нервамі і крывяноснымі сасудамі[3]. Адрозніваюць чырвоны касцявы мозг (у чалавека складае каля 1,5 % масы цела[3]) і жоўты касцявы мозг (пераважна ўдзельнічае ў тлушчавым абмене[3]). Колер жоўтага касцявога мозгу абумоўлены прысутнымі ў ім тлушчавымі шарыкамі. У чырвоным касцявым мозгу ўтвараюцца эрытрацыты, трамбацыты і большасць лейкацытаў. Невялікая частка лейкацытаў утвараецца ў жоўтым касцявым мозгу[4]. У касцях дзяцей да 7 гадоў пераважае чырвоны касцявы мозг. Ва ўзросце 18—20 гадоў у дыяфізах доўгіх і плоскіх[4] касцей ён замяняецца жоўтым[3]. Касцявы мозг змяшчае два тыпы стваловых клетак: крывятворныя і мезенхімныя . Крывятворныя стваловыя клеткі даюць пачатак эрытрацытам, трамбацытам і лейкацытам. Мезенхімныя стваловыя клеткі разрозніваюцца ў структуры што ствараюць косці, храсток і цягліцы[4]. Спелыя клеткі крыві з касцявога мозгу праз сценку сінусоідных капіляраў паступаюць у крывяносную сістэму, няспелыя паяўляюцца пры парушэнні крывятвору. Касцявы мозг выконвае ахоўную функцыю (рэтыкулярныя клеткі і клеткі эндатэлію сінусоідных капіляраў здольныя захопліваць іншародныя часцінкі з крыві і станавіцца макрафагамі). Функцыя косцеўтварэння праяўляецца пры загойванні пераломаў касцей[3]. Даследаванне касцявога мозгу дае звесткі для дыягностыкі і лячэння хвароб крыві (асабліва лейкозаў), злаякасных утварэнняў, многіх паразітарных інфекцый, прамянёвай хваробы, злаякаснага малакроўя. 3 дапамогай клетак касцявога мозгу, узятых ад донара, лечаць ад анеміі, прамянёвай хваробы, лейкозаў і інш.[3] Уласны касцявы мозг пацыента, якому ажыццяўляецца перасадка, загадзя знішчаецца з дапамогай хіміятэрапіі або радыяцыі[4]. ЗноскіЛітаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia