Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Гродна)
Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі — каталіцкі храм у горадзе Гродна. ГісторыяУ 1994 годзе ў гарадскім мікрараёне Паўднёвы была заснавана новая парафія. 26 ліпеня 1995 годзе гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч асвяціў пляц пад будову і крыж (які і сёння стаіць перад касцёлам). Тагачасным пробашчам быў кс. Ян Раманчук. У 1996 годзе быў скончаны ніжні касцёл, і 31 кастрычніка ў ім адправілі першую святую Імшу, а 8 снежня ніжні касцёл асвяціў гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч. У 1997 годзе арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў і заклаў у сцяну будучага касцёла памятную капсулу. Будаўніцтва было скончана ў 1999 годзе, і 11 мая 2000 года касцёл быў кансэкраваны арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. АрхітэктураКасцёл з жоўтай вонкавай цэглы ўяўляе сабою 1-вежавы базылікападобны храм у стылі неаканструктывізму. Высокая вежа-званіца, утвораная 2-ма злучанымі пілонамі, пазначае галоўны ўваход. Да алтарнай часткі касцёла дабудаваны 2-павярховы будынак плябаніі і парафіяльнага цэнтра. Рамбавідны ў плане інтэр’ер падзелены трыма парамі калонаў на 3 нефы. Галоўны неф перакрыты бетоннымі рабрыстымі скляпеннямі, бакавыя — плоскімі скатнымі. У галоўным алтары ўсталявана тытульная велічная паліхромная фігура Маці Божай Беззаганнай (Беззаганнага Зачацця), якая некалі ўпрыгожвала знішчаную гродзенскую фару. Левы бакавы алтар прысвечаны Найсвяцейшай Панне Марыі Тракельскай, правы — Божай Міласэрнасці. У 1999 г. у вокнах касцёла з’явіліся вітражы: злева — біскупскія гербы біскупа А. Кашкевіча і арцыбіскупа Т. Кандрусевіча, справа — выявы Езуса Міласэрнага і Міхала Арханёла; над хорамі злева — выява св. Максімільяна Кольбэ, справа — св. Ганны, вышэй па цэнтры — Святога Духа. У галоўны алтар умураваны рэліквіі св. Войцеха і св. Яна Саркандра[1]. ЗноскіСпасылкі |
Portal di Ensiklopedia Dunia