Касцёл Святога Мікалая (Кіеў)
Касцёл Святога Мікалая — рымска-каталіцкі храм Святога Мікалая ў Кіеве, выкарыстоўваецца з 1980 года ў якасці Дома арганнай і камернай музыкі. Размешчаны па адрасе: вул. Чырвонаармейская, 77. Гісторыя будаўніцтваБудаўніцтва касцёла Св. Мікалая пачалося па конкурсным праекце архітэктара С. В. Валоўскага ў 1899 годзе. Распрацоўка і будаўніцтва рабіліся пад кіраўніцтвам вядомага кіеўскага архітэктара У. У. Гарадзецкага. Касцёл, пабудаваны ў стылізаваных гатычных формах з высокімі спічастымі вежамі і шпілямі, адрозніваецца стройнымі прапорцыямі, лёгкасцю, яснасцю кампазіцыйнай структуры. Складаныя ўмовы будаўніцтва і архітэктурнага рашэння заахвоцілі архітэктараў прымяніць наватарскія на той час інжынерныя тэхналогіі. Інжынерам А. Э. Страусам упершыню ў тагачаснай будаўнічай практыцы была прапанавана закладка падмурка на бетонных палях, а ў канструкцыях шырока выкарыстоўваўся жалезабетон - новы будаўнічы матэрыял. Касцёл быў багата ўпрыгожаны як насценнымі роспісамі так і вітражамі, якіх налічвалася 40 (не захаваліся). У 1909 годзе касцёл быў асвечаны. Касцёл быў зачынены і разрабаваны каля 1933 года, духавенства падвергнулася рэпрэсіям. У будынку размясціліся склады. У 1943 годзе падчас вайны, храм моцна пацярпеў ад артылерыйскага абстрэлу, гарэў. У пасляваенныя гады будынак касцёла быў часткова адрэстаўраваны і перабудаваны пад патрэбы Кіеўскага дзяржаўнага абласнога архіва. У 1978 годзе было прынята рашэнне Савета Міністраў УССР аб стварэнні ў Кіеве Рэспубліканскага Дома арганнай і камернай музыкі і пераабсталяванні пад канцэртную залу памяшкання былога Мікалаеўскага касцёла. Адначасова з рэстаўрацыяй праводзілася і частковая рэканструкцыя будынка. З 1980 года Мікалаеўскі касцёл пачаў функцыянаваць у якасці канцэртнай залы Дома арганнай і камернай музыкі. Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia