Катастрофа SSJ 100 у аэрапорце Шарамеццева
Катастрофа SSJ 100 у Шарамеццева — авіяцыйная катастрофа, якая адбылася 5 мая 2019 года. Авіялайнер Sukhoi Superjet 100, які здзяйсняў рэйс Масква—Мурманск, быў вымушаны вярнуцца ў аэрапорт Шарамеццева з-за тэхнічных непаладак[2]. Падчас пасадкі самалёт атрымаў пашкоджанні, якія сталі прычынай узнікнення пажару. Па ўдакладненых даных СК Расіі, загінуў 41 чалавек, у тым ліку адзін член экіпажа[3], некалькі чалавек шпіталізавана[4]. СамалётСамалёт Sukhoi Superjet 100-95 (RRJ-95B), рэгістрацыйны № RA-89098, завадскі № 95135, насіў імя «Мустай Карым». Першы палёт здзейсніў 21 чэрвеня 2017 года. У верасні 2017 года быў перададзены ў авіякампанію «Аэрафлот»[5][6]. У красавіку 2019 года прайшоў апошнюю планавую праверку[7]. Катастрофа
Самалёт здзяйсняў рэгулярны рэйс «Аэрафлота» SU1492 Масква—Мурманск з аэрапорта Шарамеццева[8]. Узляцеў у 18:02 (па даных прэс-службы АТ «Міжнародны аэрапорт Шарамеццева»[9], тут і далей — маскоўскі час) або ў 18:03 (па даных сэрвісу Flightradar24[8]). Праз некалькі хвілін у самалёт, як мяркуецца, трапіла маланка: сцюардэса Таццяна Касаткіна і некалькі пасажыраў сцвярджаюць, што бачылі выбліск і электрычныя разрады ў вобласці правай плоскасці крыла і правага рухавіка, некаторыя з іх чулі гук удара або воплеска[10][11][12]. У 18:11 усталяваны на борце адказчык УУС выдаў код 7600 — «страта сувязі»[8]. Паводле расшыфроўкі і запісу перамоў, экіпаж звязаўся з дыспетчарскай службай па аварыйнага каналу сувязі, запытаў пасадку і паведаміў пра праблемы са сувяззю і страту аўтаматычнага кіравання самалётам[13][14]. Пасажырам было абвешчана аб вяртанні ў аэрапорт «па тэхнічных прычынах»[11][15]. У 18:14 кіраўнік палётаў АрУС паведаміў зменнаму начальніку аэрапорта Шарамеццева аб вяртанні з паветра рэйса SU1492 (па дакладзе КПС, прычына — адмова радыёсувязі і страта аўтаматычнага кіравання паветраным суднам, заход і пасадка адбываюцца ў штатным рэжыме)[9]. У 18:25 код адказчыка зменены на 7700 — «аварыйная або іншая няштатная сітуацыя»[16]. Да прызямлення панікі на борце не было, сам самалёт не трэсла і ён плаўна зніжаўся[14][17]. А 18:30 самалёт здзейсніў грубую пасадку з адскокамі ад узлётна-пасадачнай паласы[18]. У выніку самалёт сеў на «пуза» задняй часткай і атрымаў пашкоджанне паліўных бакаў, якое прывяло да разліцця паліва і ўзнікнення пажару ў задняй частцы самалёта. Па даных прэс-службы АТ «Міжнародны аэрапорт Шарамеццева», у 18:31 кіраўнік палётаў па арганізацыі паветранага руху Шарамеццева абвясціў сігнал «Трывога»[9]. У гэты ж час пачалася эвакуацыя пасажыраў сіламі экіпажа па двух трапах у насавой частцы[10][19]. У 18:32 да падпаленага самалёта прыбыў першы разлік аварыйна-выратавальнай каманды аэрапорта і пачаў тушыць пажар. Менш чым за дзве хвіліны да яго далучыліся яшчэ пяць разлікаў[9]. У 18:35 ратавальнікі ўвайшлі ў палаючы самалёт[9]. У 18:48 пажар быў патушаны[9]. Самалёт часткова згарэў[20]. АхвярыНа борце самалёта знаходзілася 78 чалавек: 73 пасажыры і 5 членаў экіпажа. Уратавалася 33 пасажыры і 4 члены экіпажа. Загінула 40 пасажыраў і 1 член экіпажа[21]. Амаль усе загінуўшыя пасажыры займалі месцы ў хваставой частцы самалёта, з 11 па 20 рад[22]; загінулы бортправаднік Максім Майсееў таксама знаходзіўся ў хваставой частцы салона. Частка людзей атрымала атручванне прадуктамі гарэння і іншыя траўмы[23], дзесяць чалавек было шпіталізавана[24]. РасследаваннеРасследаванне авіяцыйнага здарэння пачала камісія Міждзяржаўнага авіяцыйнага камітэта[20]. У сувязі са здарэннем, следчыя органы Маскоўскага міжрэгіянальнага СУ на транспарце СК Расіі распачалі крымінальную справу па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 263 КК РФ («парушэнне правілаў бяспекі руху і эксплуатацыі паветранага транспарту, што пацягнула па неасцярожнасці да смерці дзвюх і больш асоб»)[25]. Па рашэнні старшыні СК Расіі, крымінальная справа перададзена для далейшага расследавання ў цэнтральны апарат ведамства[3][25]. Спецыялістамі МАК пачата даследаванне бартавых самапісцаў. Параметрычны самапісец атрымаў сур’ёзныя пашкоджанні ў выніку ўздзеяння высокіх тэмператур, стан маўленчага самапісца здавальняючы[20]. Станам на 6 мая 2019 года, следства разглядала некалькі версій, уключаючы адмову тэхнікі, неспрыяльныя ўмовы надвор’я, а таксама недастатковую кваліфікацыю пілотаў, дыспетчараў і абслугоўваючага персаналу[26]. У чэрвені Міждзяржаўны авіяцыйны камітэт апублікаваў папярэднюю справаздачу. У ёй гаворыцца, што падчас расследавання на фюзеляжы самалёта і вонкавых датчыках былі выяўленыя сляды ад маланкі[27]. У кастрычніку старшы следчы па асабліва важных справах Галоўнага ўпраўлення па расследаванні асабліва важных спраў Следчага камітэта Расіі Іван Сібул прад’явіў камандзіру паветранага судна Дзянісу Еўдакімаву абвінавачванне па ч. 3 артыкула 263 КК РФ[28]. 20 чэрвеня 2023 года суд прысудзіў лётчыка да 6 гадоў калоніі-пасялення. Акрамя таго, з яго спагналі 2,5 млн руб. на карысць двух пацярпелых і забаранілі на тры гады займаць пасаду пілота самалёта[29]. Міждзяржаўны авіяцыйны камітэт у справаздачы, выдадзенай у 2025 годзе, назваў прычынай катастрофы памылковыя дзеянні камандзіра паветранага судна пры пасадцы, асабліва адзначыўшы неэфектыўнасць праграм падрыхтоўкі лётнага складу для дзеянняў у складанай сітуацыі[30]. Заўвагі
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia