Крыжаўзвіжанская царква (Бабры)
Царква ў гонар Уздвіжання Крыжа Гасподняга — праваслаўны храм у в. Бабры (Лідскі раён). Размешчана ў цэнтры вёскі. Храм вырашаны ў традыцыях народнага драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1810 г. ГісторыяНа пачатку XIX ст. маёмасць Бабры набыў у Радзвілаў Караль Лясковіч. Да 1810 г. ён фундаваў тут будаўніцтва драўлянай Свята-Крыжаўзвіжанскай царквы. Каля новай царквы тады пасадзілі дуб, які расце да гэтага часу. Дуб настолькі магутны і шырокі, што трэба з дзясятак рук, каб абхапіць ствол дрэва. Існуе меркаванне, што гэтаму дубу можа быць і чатырыста гадоў. У 1829 г. пры Баброўскай царкве дзейнічаў шпіталь для адзінокіх старых і сірот, жылі ў ім 6 чалавек. Вядомы наступныя грэка-каталіцкія святары Баброўскай царквы.
У 1880 г. над бабінцам царквы надбудавалі званіцу, а пры ўваходзе зрабілі тамбур. Царква агароджана невысокім мурам, з якога найлепш захавалася фасадная частка. Пры канцы XIX ст. царква мела 2 дзесяціны раллі. Замест сенакосу да 1891 г. маёнтак плаціў святару «ругу». Прыход налічваў 120 двароў, 478 мужчын і 457 жанчын. Псаломшчык гэтай царквы Ігнат Філіповіч выкладаў у Баброўскай школе пісьменнасці, Закон Божы выкладаў святар. Вядома, што праваслаўным святаром на пачатку 1920-х гг. у Бабрах быў Аляксандр Бяляеў. Ён распаўсюджваў сярод вернікаў беларускую газету «Крыніца», праводзіў беларускую асветніцкую працу. Наступны святар, Канстанцін Мяцеліца, з 10.09.1927 г. быў адміністратарам царкоўнай філіі ў Бабрах Лябёдскай гміны. 15 траўня 1931 г. сюды быў пераведзены (з паніжэннем) святар-беларус Мікалай Мышкоўскі, дзеці якога вучыліся ў беларускай гімназіі ў Вільні. У 1935 г. Баброўскі храм быў рэстаўраваны. 4 сакавіка 1937 года ў айца Мышкоўскага на Лідскім вакзале з кішэні злодзеі выцягнулі 500 злотых. Святар ехаў у Вільню, каб зрабіць заказ, і гэтыя грошы былі сабраны парафіянамі на закуп царкоўнага звона. Магчыма, здарылася гэта з-за прыхільнасці айца да моцных напояў. На пачатку 1960-х г. атэістычныя ўлады зачынілі царкву і забаранілі набажэнствы. Вялікія стосы царкоўных кніг выкінулі тады ў гразь на вясковую вулiцу, кнігі загінулі. У царкве зрабілі калгасны склад. З 1990-х царква ў Бабрах знаходзіцца ў добрым стане і дзейнічае. АрхітэктураПадоўжна-восевая кампазіцыя храма складаецца з прытвора, бабінца, малітоўнай залы, прамавугольнай апсіды з трымя рызніцамі. Над бабінцам у 1880 г. ўзведзены шатровы чацвярык званіца з макаўкай у завяршэнні. Архітэктурная выразнасць будынка дасягаецца ярусным спалучэннем асобных дахаў зрубаў (агульнага над асноўным аб’ёмам і апсідай), вылучэннем на вертыкальнай шалёўцы сцен прамавугольных аконных праёмаў у простых ліштвах. У малітоўную залу шырокімі прасветамі адкрываюцца бабінец і апсіда, вылучанная драўляным іканастасам. У апсідзе захавалася маляўнічая размалёўка з выявай краявіду. Камень-следавікНа царкоўным двары на поўнач ад храма знаходзіцца камень-валун вышынёй 0,5 м з адбіткам жаночай ступні прыкладна 34 памеру. Па мясцовым паданням гэты след належыць Маці Божай. Гэты камень раней знаходзіўся на лузе за царкоўнымі могілкамі. У 1920-х гадах быў прывезены да храма і асвенчаны мясцовым святаром. Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia