Кытай
Кытай (укр.: Китай) — поймавае возера ў нізоўі Дуная, у Адэскай вобласці Украіны. Ад поймы Дуная аддзелена дамбай, мае рэжым вадасховішча. Водаабмен рэгулюецца шлюзавым каналам, які перасякае дамбу. Катлавіна падоўжанай формы, выцягнута з поўначы на поўдзень на 24 км. Складаецца з паўночнай і паўднёвай частак (шырыня да 3—3,5 км), злучаных пратокай шырынёй да 0,6 км. Агульная плошча 60 км², глыбіня паўднёвай часткі да 2 м, паўночнай — да 5 м. Берагі, акрамя паўднёвых, павышаныя. Упадаюць рэкі Кыргыж-Кытай і Аліяга. У паўночнай частцы назіраюцца згонна-нагонныя ваганні ўзроўня (сярэдняя амплітуда да 80 см). Тэмпература вады ўлетку да 27 °C, зімой возера замярзае. Мінералізацыя вады 1-3 г/л. Прыбярэжная і водная расліннасць пашырана галоўным чынам у паўднёвай частцы возера (чарот, рагоз, водарасці). Водзяцца акунь, шчупак, лешч, сом; разводзяць белага амура, таўсталобіка, сазана, карася. На паўднёвых берагах — месцы гнездавання вадаплаўных і адпачынку пералётных птушак. Вада выкарыстоўваецца для арашэння. Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia