Ліфу
Ліфу (фр.: Lifou) — самы буйны востраў архіпелага Луаятэ. Уваходзіць у склад Новай Каледоніі. Плошча - 1197,1 км². Насельніцтва (2019 г.) — 9 195 чалавек. На востраве Ліфу знаходзіцца адміністрацыйны цэнтр архіпелага — Вэ. Геаграфія і прырода![]() Ліфу знаходзіцца ў 116 км на паўночны ўсход ад Новай Каледоніі, у 1474 км ад бліжэйшага кантынента Аўстралія, у 1644 км ад Парыжа, 15032 км ад Мінска. Даўжыня - 61,89 км. Найбольшая шырыня - 28,5 км. Ліфу — тыповы макатэа, старажытны падняты атол, які ўяўляе сабой вапняковае плато, узнятае над паверхняй акіяна вулканам (найвышэйшы пункт - 104 м). У кірунку да ўзбярэжжа яно абрываецца стромкімі скаламі і толькі ў некаторых мясцінах сустракаюцца спадзістыя ўздымы — наступства вадзяной эрозіі, якая доўжылася мільёны гадоў. Эрозія таксама спарадзіла шматлікія карставыя пячоры. Яны сустракаюцца як на сушы, так і ў падводнай частцы. Вапняковы грунт неўстойлівы, таму вадацёкі, што фарміраваліся падчас ападкаў, рабілі ў ім шырокія адтуліны. У многіх пячорах на плато дажджавыя сцёкі ўтвараюць невялікія натуральныя вадасховішчы. Рэк на Ліфу няма, таму ў сухі сезон гэта адзіная даступная крыніца пітной вады. Бераг пясчаны, шмат пляжаў. Рэдка, але на востраве здараюцца землятрусы. Апошняе адбылося 3 сакавіка 2012 г.[1] Клімат трапічны пасатны. Найбольш прахалодны месяц — жнівень, калі сярэдняя тэмпература знаходзіцца ў сярэднім паміж 15 °C і 24 °C. У студзені сярэдняя тэмпература трымаецца вакол узроўню паміж 22 °C і 29 °C. У сакавіку колькасць дажджлівых дзён дасягае 19, норма ападкаў - каля 258 мм. Найбольш сухі месяц — верасень, калі выпадае ўсяго 63 мм. Паверхня плато ў старажытнасці была амаль цалкам занята зараснікамі лесу і хмызняку. У нашы дні пераважаюць культурныя насаджэнні, але востраў застаецца даволі зялёным. Захаваліся рэдкія віды раслін, птушак, яшчарак, на паўднёвы бераг прыплываюць марскія чарапахі. ГісторыяУ канцы 2 тысячагоддзя да н. э. — пачатку 1 тысячагоддзя да н. э. Ліфу засялілі меланезійцы, якія да прыходу еўрапейцаў склалі тры племянныя аб'яднанні ветр, лосі і гаша. Яны называлі сябе і свой востраў дрэху, падпарадкоўваліся правадырам, што перадавалі сваю ўладу па спадчыне, займаліся земляробствам і рыбалоўствам. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што тубыльцы зведалі значны ўплыў палінезійцаў. Сучасная назва вострава мае палінезійскае паходжанне і значыць "Самоа". У 1793 г. Ліфу быў адкрыты французскай экспедыцыяй. Востраў стаў месцам дзейнасці еўрапейскіх кітабояў, лесарубаў і місіянераў. У 1864 - 1866 гг. суперніцтва паміж французскімі каталіцкімі і больш паспяховымі брытанскімі пратэстанцкімі місіянерамі прывяло да ваенных сутычак паміж астравіцянамі. У канфлікт умяшалася Францыя, якая ў 1868 г. фармальна далучыла землі дрэху да сваіх валоданняў. Нягледзячы на дапамогу з боку ваенных, каталікі пацярпелі паражэнне і саступілі пратэстантам. У адрозненні ад суседняй Новай Каледоніі, на Ліфу не было масавага перасялення еўрапейскіх каланістаў. Французы трымалі на востраве невялікі ваенны атрад. Правадыры захоўвалі сваю традыцыйную ўладу. Толькі ў першай палове XX ст. былі зроблены пэўныя захады для актыўнага прыцягнення маладых дрэху да французскай культуры і адукацыі. У 1916 - 1918 гг. добраахвотнікі з Ліфу нават прымалі ўдзел у I Сусветнай вайне на баку Францыі. У 1940 г. дрэху аднадушна падтрымалі Ш. дэ Голя. У 1946 г. яны афіцыйна атрымалі французскае грамадзянства. У пасляваенны час Ліфу пачаў інтэнсіўна развівацца, у тым ліку дзякуючы прадпрымальнасці саміх тубыльцаў. Яны вырошчвалі на продаж гародніну, ваніль, какосы. Але найбольш паспяховым напрамкам эканомікі стаў турызм. Гэтаму садзейнічала будаўніцтва сучаснага марскога порта і аэрапорта. У 1989 г. Вэ стаў адміністрацыйным цэнтрам асобнай правінцыі Луаятэ ў складзе Новай Каледоніі. Была створана адміністрацыйная акруга Ліфу. Славутыя мясціныВостраў вабіць вандроўнікаў з розных краін сваімі белымі пясчанымі пляжамі. Адзін з самых вялікіх знаходзіцца непасрэдна каля Вэ. Іншыя цікавыя мясціны:
ЗноскіСпасылкі |
Portal di Ensiklopedia Dunia