Мюнхенская авіякатастрофа
Мю́нхенская авіякатастрофа — авіякатастрофа, якая адбылася 6 лютага 1958 года. Самалёт Брытанскіх еўрапейскіх авіяліній спыніўся для дазапраўкі ў Мюнхене. На борце знаходзіліся гульцы і члены трэнерскага штаба «Манчэстэр Юнайтэд», а таксама журналісты і заўзятары. Пасля дазапраўкі пілоты тройчы спрабавалі ўзляцець; апошняя спроба скончылася трагічна: праз снегавую кашу самалёт не набраў патрэбнай хуткасці, пратараніў агароджу ў канцы ўзлётнай паласы і ўрэзаўся крылом у будынак, што стаяў непадалёк. З 44 чалавек, якія знаходзіліся на борце самалёта, 21 чалавек выжыў і 23 загінулі, дваццаць — імгненна, адзін — па дарозе ў бальніцу, яшчэ двое — на працягу наступных некалькіх тыдняў. «Манчэстэр Юнайтэд» вяртаўся дадому пасля адказнай чвэрцьфінальнай гульні Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў з бялградскім клубам «Црвена Звезда». Гэтая сустрэча скончылася ўнічыю і дазволіла англійскаму клубу выйсці ў паўфінал Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў. У жывых застаўся легендарны варатар зборнай Паўночнай Ірландыі Гары Грэг, які дапамог выцягваць параненых футбалістаў з-пад абломкаў самалёта. Праз паўгады ён аднавіўся ад траўмы і зноў заняў месца ў варотах «Манчэстэр Юнайтэд». |
Portal di Ensiklopedia Dunia