Мінулыя жыцці
«Мінулыя жыцці» (англ.: Past Lives) — амерыканскі мастацкі фільм рэжысёра Селін Сон. Прэм’ера карціны адбылася 21 студзеня 2023 года на кінафестывалі Сандэнс, 20 лютага 2023 года фільм паказалі на 73-м Берлінскім кінафестывалі[5]. 2 чэрвеня 2023 года фільм выйшаў у пракат у ЗША[6]. Фільм атрымаў прызнанне крытыкаў[7] і быў названы адным з дзесяці найлепшых фільмаў 2023 года Нацыянальным савем кінакрытыкаў і Амерыканскім інстытутам кінамастацтва[8]. Атрымаў розныя ўзнагароды, уключаючы пяць намінацый на 81-й цырымоніі ўручэння прэміі «Залаты глобус», у тым ліку ў намінацыі «Найлепшы фільм — драма». СюжэтСеульскім школьнікам Хэ-сону і Ён-на па 12 гадоў. Хлопчык і дзяўчынка разам ходзяць у школу і прагульваюцца пасля ўрокаў. Яна часта плача па розных дробязях, а ён яе суцяшае. Дзеці падабаюцца адно адному, і дзяўчынка прызнаецца маме, што хоча аднойчы выйсці замуж за Хэ-сона. Аднак лёс складваецца іначай. Інтэлігенцкая сям’я Ён-на эмігрыруе ў Канаду, а хлопчык застаецца ў Сеуле. Мінае 12 гадоў. Дзяўчыну цяпер клічуць Нора, і яна вучыцца ў Нью-Ёрку на драматурга. Хэ-сон адслужыў у войску і збіраецца стаць інжынерам. Аднойчы ён знаходзіць у сацсетках сваё першае каханне. Пара пачынае актыўна перапісвацца і штодня звязвацца па Скайпе. Аднак Нора не можа паехаць у Карэю, а Хэ-сон не мае магчымасці адправіцца ў ЗША. Яшчэ праз 12 гадоў Хэ-сон вырашае прыехаць на некалькі дзён у Нью-Ёрк і нарэшце пабачыцца з Норай. Яна ўжо сем гадоў замужам за амерыканскім пісьменнікам і задаволена сваім жыццём, аднак з’яўленне старога сябра ўсё ўскладняе. Хэ-сон і Ён-на адчуваюць між сабой моцную сувязь. Яны балансуюць між мінулым, сучаснасцю і тым, як магло б быць. У ролях
Вытворчасць і прэм’ераПраект быў анансаваны ў 2020 годзе. Рэжысёркай і сцэнарысткай ад пачатку была Селін Сон (для яе гэта рэжысёрскі дэбют), прадзюсіравала фільм кампанія A24[9]. У жніўні 2021 года галоўныя ролі атрымалі Грэта Лі і Джон Магара[10]. Прэм’ера карціны адбылася 21 студзеня 2023 года на кінафестывалі «Сандэнс»[11]. Там ён быў ацэнены вельмі высока: па выніках апытання фестывальнай прэсы ад «IndieWire» «Мінулыя жыцці» атрымалі найбольш першых месцаў. Гучалі наступныя ацэнкі: «першы вялікі фільм 2023 года», «скарб», «адзін з наймацнейшых дэбютаў Сандэнса за ўсе апошнія гады», «Селін Сон — адна з самых захапляльных рэжысёрак будучыні», «ігра трох галоўных акцёраў проста не можа быць лепшай». 20 лютага 2023 года фільм паказалі на 73-м Берлінскім кінафестывалі[12][13]. Водгукі і ацэнкіФільм атрымаў амаль выключна станоўчыя водгукі ў прэсе. Паводле агрэгатара «Rotten Tomatoes» 95% з 307 аглядаў былі станоўчымі з сярэдняй адзнакай 9.1 з 10. Сайт абагульняе меркаванні крытыкаў наступным чынам: «Уражлівы дэбют сцэнарысткі-рэжысёркі Селін Сон. Праз сувязі паміж сваімі кранальна апісанымі галоўнымі героямі „Мінулыя жыцці“ востра выказваюцца пра стан чалавека»[14]. Па выніках 2023 года многія выданні ўключылі «Мінулыя жыцці» ў свае спісы найлепшых фільмаў года, у тым ліку «Deadline»[15], «Time Out»[16], «Variety»[17], «КиноПоиск»[18], а таксама Брытанскі інстытут кіно[19]. Выданні «Collider»[20], «Empire»[21], «The Guardian»[22], «IndieWire»[23] і «Rolling Stone»[24] назвалі яго найлепшым фільмам года. Крыніцы
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia