Насіць намётку

Абрад «Насіць намётку» — гэта элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі, які распаўсюджаны ў вёсцы Папшычы Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці.

Структура свята

Назва абрада паходзіць ад словазлучэння “аб адзін дзень”. Сама назва падказвае, што нешта павінна было адбыцца за адзін дзень. Менавіта за адзін дзень ці за адну ноч вяскоўцам неабходна было выткаць адрэз палатна. Рабілі гэта, каб абараніць вёску ад небяспекі: хваробы, засухі ці нават вайны. На працягу ХІХ ст. выраб абыдзённага палатна быў даволі пашыранай практыкай па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Выраблялі абыдзённік яшчэ і ў першай палове ХХ ст., асабліва падчас Другой сусветнай вайны. Паступова абрад гэты адыходзіць у нябыт і застаецца пераважна ў пасіўнай форме — у памяці людзей[1].

У вёсцы Папшычы абыдзённы абрад захаваўся да цяперашняга часу і ператварыўся ў сталую практыку. Штогод на свята Спаслання Духа Святога на апосталаў па календары каталіцкай канфесіі («Зялёныя свёнткі») жыхары вёскі збіраюцца для здзяйснення абраду ля прыдарожнага крыжа. Абрад распачынаецца адмысловым спевам («Królu nieba wysokiego»), пасля чаго разгортваецца адрэз палатна, ці, як яго называюць вяскоўцы «намётка». На намётку кладуць грашовую ахвяру. Намётку праносяць над маленькімі дзецьмі і іх бацькамі, што заклікана паўплываць на іх здароўе і дабрабыт. Працэсія з разгорнутай намёткай (даўжыня тканіны прыкладна 6м.) накіроўваецца да капліцы на могілкі, дзе адбываецца асвячэнне і ахвяраванне касцёлу.  Усе вяскоўцы вераць у моц намёткі, у тое, што яна засцерагае ад хваробаў і рознай бяды іх родную вёску[2].

Абрад жыхароў вёскі Папшычы ўяўляе мадыфікацыю старажытнага абыдзённага абраду. Выраб і ахвяраванне абыдзённага палатна сустракаўся па ўсёй тэрыторыі Беларусі і складаў адметнасць беларускай этнічнай культуры. Пераважна абыдзённік вырабляўся аказіянальна, у крызісныя сітуацыі (мор свойскай жывёлы, пажары, эпідэмічныя хваробы) і толькі ў рэдкіх выпадках пераходзіў у склад каляндарнай абраднасці і атрымліваў сталую дату правядзення. Так адбылося з абыдзённым абрадам у вёсцы Папшычы. Першапрычына, якая выклікала яго да жыцця, — гэта, хутчэй за ўсё, хвароба. Найбольшую цікавасць уяўляе сведчанне Марыі Францаўны Кушнярэвіч (1941 г. н.): «Нашто носяць, гэтак нашыя бацькі казалі. Ну, гэта яшчэ не знаю, да вайны, ці гэта… cтрашная хвароба была — халера. Усіх людзей сплош радам. Ну, што рабіць? Ужо тут блізка і гэта… Сабралася вёска. За ноч выткалі палатно. Ну, якое там што ў каго было зняслі, там і выткалі. І што рабіць? Ля вёскі была дарога вакруг даўней, круга вёскі хадзілі. Ну сабраліся ўсе і пашлі гэтай [дарогай]. І ружанец, і мадлітвы, і пашлі круга вёскі ўжо прасіць Бога, каб абараніў ад гэтай халеры. І праз нескалька, ну, і цішына. Ніякія ўжо [не ўміралі]. У Зялезьках уміралі, там радам гэтыя. Уміралі, уміралі. Тады некаму тут са старых саснілася, гэта, хвароба. Кажыць: “Чаго ты прычапілася?!” (Ну, дзе ўміралі.) Ідзі ў Папшычы! (Што тут ніхто не ўміраіць.) Кажыць: “Не пайду. Там рыжы сабака круга вёскі лётаіць”. Ну і ніхто не памёр». Пасля цудоўнага выратавання вёскі ад хваробы абрад пачалі праводзіць штогод. Жыхары абыходзілі вёску з вытканым за ноч палатном і пасля з працэсіяй накіроўваліся ў парафіяльны касцёл у вёсцы Мосар. Там палатно клалі на алтар і служылі Святую імшу. Здзяйсняўся абрад і за савецкімі часамі нягледзячы на забароны і штрафы, якія выплочвала пасля ўся вёска. Намётку таемна неслі на могілкі, а адтуль — у вёску Мосар. Новы перыяд у існаванні абраду пачынаецца ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х гг., калі ў вёску для выканання святарскай паслугі стаў прыязджаць ксёндз Ёзас Булька: «…А патом прыйшоў Булька, і гэта ўсё абнавілася. Як ужо Булька явіўся сюда, усё вазабнавілася, і тады сталі і мы насіць ужо. Хто можыць ішлі»[3].

Дадзенаму элементу нематэрыяльнай культуры 22 студзеня 2014 г. на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь было прынята рашэнне надаць статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

Крыніцы

  1. Абрад “Насіць намётку” в. Папшычы Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці . ГУ «Витебский областной методический центр народного творчества».
  2. Абрад “Насіць намётку” в. Папшычы Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці . Жывая спадчына Беларусі: інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны..
  3. Жывая спадчына Беларусі. Нацыянальны Інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі: каталог / Каардынатар праекта Ала Сташкевіч. — Мн.: ДУА «Інстытут культуры Беларусі», 2014. — С. 50. — 164 с. — ISBN 978-985-7045-24-2.

Памылка Lua у Модуль:External_links на радку 45: assign to undeclared variable 'link'.

Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya