Паветраная разведка

Аэрафотаздымак. 1889.
Відэакамеры назірання на Mirage III. Францыя
Самалёт-разведчык U-2. ЗША

Паветраная разведка — адзін з відаў ваеннай разведкі. Вядзецца часткамі разведвальнай авіяцыі, разведвальнымі падраздзяленнямі авіяцыйных злучэнняў, усімі экіпажамі, якія выконваюць баявыя задачы, а таксама беспілотнымі лятальнымі апаратамі (самалёты, аўтаматычныя аэрастаты і да т.п.) з мэтай атрымання звестак аб праціўніку (аб’ектах, сілах і сродках, мясцовасці і да т.п.), неабходных для паспяховага вядзення ваенных дзеянняў усімі відамі ўзброеных сіл і родамі войскаў.

Гісторыя развіцця

Першымі лятальнымі апаратамі (ЛА), што ў канцы 1850-х гг. былі выкарыстаныя для вядзення паветранай разведкі, былі аэрастаты. У пачатку XX ст. для паветранай разведкі пачалі шырока выкарыстоўвацца самалёты. У Расіі першы досвед паветранай разведкі з самалётаў быў атрыманы на манеўрах Пецярбургскай, Варшаўскай і Кіеўскай вайсковых акруг у 1911 годзе. У 1912—1913 гг. у 1-й Балканскай вайне расійскі авіяцыйны атрад пад камандаваннем капітана Шчацініна, што дзейнічаў на баку Балгарыі, выконваў задачы паветранай разведкі з фатаграфаваннем крапасных і палявых збудаванняў.

Як самастойны від разведкі паветраная разведка сфарміравалася ў часы 1-й сусветнай вайны.

У гады Другой сусветнай вайны 12 % самалёта-вылетаў савецкая авіяцыя здзейсніла з мэтай вядзення паветранай разведкі. З павелічэннем размаху ваенных дзеянняў інтэнсіўнасць паветранай разведкі ўзрастала. У 1941 годзе колькасць самалёта-вылетаў на паветраную разведку склала 9,2 %, у 1944 годзе павялічыўшыся да 15 %. Паветраная разведка не толькі здабывала даныя аб праціўніку, але дапаўняла і дакументальна ўдакладняла даныя іншых відаў разведкі. Ва ўмовах хуткіх змен абстаноўкі паветраная разведка часта была адзіным сродкам здабывання звестак аб праціўніку для агульнавайсковага і авіяцыйнага камандавання. Напрыклад, зімой 1942—1943 гг. толькі паветранай разведцы ўдалося своечасова раскрыць перакід з Паўночнага Каўказа 2 нямецкіх танкавых дывізій у раён Кацельнікава для дэблакады войскаў, аточаных пад Сталінградам. Пры падрыхтоўцы Вісла-Одэрскай аперацыі (1945) паветраная разведка выявіла за ракой Вісла 7 падрыхтаваных абарончых палос ворага, эшаланаваных на глыбіню да 500 км, і 6 супрацьтанкавых равоў.

Ва ўзброеных сілах большасці краін асноўнымі сродкамі паветранай разведкі з’яўляюцца пілатаваныя і беспілотныя самалёты-разведчыкі. Яны здольныя хутка выходзіць на аб’екты разведкі, размешчаныя на значнай адлегласці, аглядаць у кароткі тэрмін вялікія прасторы, здабываць дакладныя разведданыя аб праціўніку і аператыўна дастаўляць іх камандаванню (у тым ліку шляхам перадачы з борта самалёта). З мэтай найбольш поўнага і своечасовага забеспячэння баявых дзеянняў паветраная разведка павінна пастаянна ўзаемадзейнічаць з іншымі відамі разведкі.

Паветраная разведка дзеліцца на стратэгічную, аператыўную і тактычную.

Стратэгічная паветраная разведка вядзецца з мэтай забеспячэння галоўнага камандавання неабходнымі разведданымі аб стратэгічных аб’ектах праціўніка, размешчаных у яго глыбокім тыле.

Аператыўная паветраная разведка выконваецца ў інтарэсах камандавання аб’яднанняў (злучэнняў) відаў узброеных сіл і родаў войскаў з мэтай атрымання разведданых, неабходных для падрыхтоўкі і вядзення франтавых і армейскіх аперацый, а таксама аперацый, якія праводзяцца флатамі і ВПС.

Focke-Wulf Fw 189 (Рама)

Тактычная паветраная разведка вядзецца ў інтарэсах камандавання злучэнняў і часцей відаў узброеных сіл і родаў войскаў з мэтай забеспячэння іх разведданымі, неабходнымі для арганізацыі і вядзення бою. Асноўныя намаганні тактычнай паветранай разведкі засяроджваюцца на аб’ектах, якія знаходзяцца на полі бою і ў тактычнай глыбіні.

Асноўнымі спосабамі вядзення паветранай разведкі ёсць:

  • візуальнае назіранне;
  • аэрафотаразведка;
  • разведка з дапамогай радыёэлектронных сродкаў.

Выбар спосабу вядзення паветранай разведкі залежыць ад выконваемай задачы, тыпу ЛА і яго разведвальнага абсталявання, супрацьдзеяння праціўніка, часу сутак і метэаралагічных умоў.

Візуальнае назіранне ажыццяўляецца няўзброеным вокам або з дапамогай аптычных прыладаў. Яно дазваляе хутка абследаваць вялікія раёны, атрымаць агульныя звесткі аб групоўцы і дзеяннях праціўніка, аб’ектах, мясцовасці і надвор’і, неадкладна абагульніць і перадаць здабытыя разведданыя з борта ЛА камандаванню.

Аэрафотаразведка выконваецца з дапамогай дзённых і начных аэрафотаапаратаў (планавых, перспектыўных, панарамных). Яна забяспечвае атрыманне найбольш поўных, пэўных і дакладных звестак аб войсках праціўніка, аб’ектах і мясцовасці.

Паветраная разведка з дапамогай радыёэлектронных сродкаў дзеліцца на

  • радыё-, 
  • радыётэхнічную,
  • радыёлакацыйную,
  • тэлевізійную.

Для радыёразведкі выкарыстоўваюцца самалётныя радыёпрыёмныя прылады, якія дазваляюць раскрываць змест радыёперадач праціўніка, вызначаць склад і дыслакацыю яго сіл, атрымліваць інфармацыю аб іх дзейнасці і намерах.

Пры радыётэхнічнай разведцы прымяняюцца прыёма-пеленгацыйныя прылады, якія дазваляюць вызначаць асноўныя тэхнічныя параметры работы сродкаў радыёлакацыі і радыётэлекіравання праціўніка, а таксама іх месцазнаходжанне. Яна можа весціся ў любых метэаралагічных умовах днём і ноччу.

Тэлевізійная разведка ажыццяўляецца з дапамогай тэлевізійных сістэм, якія маюць у сваім складзе самалётную перадавальную і наземную прыёмную станцыі, што дазваляе назіраць за аб’ектамі і дзеяннямі войскаў праціўніка і сваіх войскаў. Шмат якія краіны ўкараняюць таксама цеплавыя, лазерныя і іншыя разведвальныя сродкі.

Разведданыя, здабытыя паветранай разведкай, паступаюць у выглядзе:

  • паведамленняў (па радыё з борта ЛА),
  • інфармацыі (ад аўтаматычнай бартавой разведвальнай апаратуры),
  • вусных і пісьмовых дакладаў экіпажаў пасля пасадкі ЛА,
  • а таксама апрацаваных дакументальных даных аб аб’ектах праціўніка (расшыфраваныя фотаздымкі і аэрафільмы, фотаздымкі экранаў індыкатараў самалётных РЛС).

Гл. таксама

Літаратура

  • Савецкая ваенная энцыклапедыя «ВАВИЛОН — ГРАЖДАНСКАЯ» // = (Советская военная энциклопедия) / Маршал Советского Союза Н. В. Огарков — председатель. — М .: Воениздат, 1979. — Т. 2. — С. 282—283. — ISBN 00101-236. (руск.)
  • Воздушная разведка железных дорог. М., 1963. (руск.)
  • Лазарев Б. А., Сизов А. П. Фотографические средства воздушной разведки. Ч. 1. Рига, 1973. (руск.)
  • Маковский В. П. Системы обработки и передачи развединформации. Ч. 1. Рига, 1973; Соколов А. Н. (руск.)
  • Hовиков А., Юнусов Т. Визуальный поиск наземных целей в сумерках.— «Авиация и космонавтика», 1965, № 12. (руск.)
  • Разведчик над полем боя. — «Авиация и космонавтика», 1965, № 9. (руск.)

Спасылкі

Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya