Тут змяшчаецца архіў выдатных артыкулаў партала Гродна. Артыкулы змяняюцца кожны месяц. Пры змене падстаронак Партал:Гродна/Выдатны артыкул сачыце за аб’ёмам тэксту, каб не было перакосаў блокаў партала.
Касцё́л Дабраве́шчання Найсвяце́йшай Дзе́вы Мары́і і кля́штар брыгі́так, або Касцё́л Звестава́ння Найсвяце́йшай Дзе́вы Мары́і і кля́штар брыгі́так — помнік архітэктуры ранняга барока (так званага любельскага тыпу рэнесанснага касцёла) з элементамі готыкі і рэнесансу, пабудаваны ў 1634—1642 гадах на вуліцы Язерскай (пазней вул. Скідзельская, Купецкая, Брыгіцкая), забудова якой на той час была драўлянай.
Ансамбль з’яўляецца адной з дамінант горада. Размешчаны ў гістарычным цэнтры Гродна па адрасе вуліца Карла Маркса, 27. Ансамбль былога кляштара брыгітак уключае касцёл, жылы корпус, драўляны лямус і каменную агароджу з брамай. Ансамбль з’яўляецца помнікам архітэктуры другой катэгорыі.
У архітэктурных дэталях брыгіцкага касцёла і кляштара відаць прыкметнае адхіленне ад класічных барочных форм. Гэта праявілася ў досыць вольнай трактоўцы капітэлей пілястраў карынфскага ордара, у дэкаратыўным аздабленні парталаў і асабліва — у архітэктурных матывах брам, якія толькі аддалена нагадваюць формы заходнееўрапейскай архітэктуры.
У іх невядомы беларускі майстар, атрымаўшы пэўную свабоду ад фундатара, праявіў сваё самабытнае выяўленчае дараванне.
На думку даследчыкаў, касцёл брыгітак з’яўляецца адным з самых ранніх аўтэнтычных узораў барочнага двухвежавага фасада ў сакральным дойлідстве Беларусі, а спалучэнне ў ім рэнесансных і барочных рыс надае яму асаблівую пераканаўчасць і адметнасць.
У двары комплексу захаваўся ўнікальны, самы старажытны ў Беларусі, драўляны будынак — лямус. У архітэктуры і канструкцыях гэтай пабудовы знайшлі сваё адлюстраванне традыцыі беларускага народнага дойлідства.
Кляштар — вельмі цікавы помнік архітэктуры, бо захаваўся да нашых дзён амаль без перабудоў.
Стары замак з’яўляецца адзіным (за выключэннем размешчанага на суседнім пагорку Новага замка) захаваным каралеўскім замкам на землях Беларусі. Доўгі час замак быў рэзідэнцыяй вялікіх князёў літоўскіх і каралёў польскіх, і такім чынам адыгрываў важную ролю ў жыцці чатырох сучасных народаў: беларускага, літоўскага, польскага і украінскага. У часы сярэднявечча гродзенскі стары замак стаяў у авангардзе барацьбы ўсходнееўрапейскіх народаў з крыжацкай навалай, набыўшы з цягам часу славу легендарнага.«Замак Гартэн», як яго называлі прускія храністы, атрымаў сярод еўрапейскага рыцарства славу непрыступнай цвярдыні, паход на які лічыўся справай гонару кожнага тэўтона. Усяго з канца XIII і да пачатку XV стагоддзя Гродна і яго замкі вытрымалі каля дваццаці нападаў крыжакоў.
Замак размешчаны на высокім і стромкім узгорку на правым беразе Нёмана пры ўпадзенні ў яго рэчкі Гараднічанкі. Пачаў будавацца ў часы Старажытнарускай дзяржавы. Замак неаднаразова руйнаваўся, аднаўляўся і перабудоўваўся. У яго планіроўцы і архітэктуры выяўляюцца напластаванні многіх стагоддзяў. Тапаграфія мясцовасці вызначыла абрыс плану замка, блізкага да трохвугольніка. Працягласць замкавых сцен дасягала амаль 300 м пры сярэдняй таўшчыні каля 3 м. Сцены мелі неаднолькавую вышыню і завяршаліся зубцамі. Ад горада замак падзяляўся ярам і глыбокім ровам. Паводле гістарычных дакументаў вядомы не менш як шэсць яго розных варыянтаў.