Пеліканападобныя
Пеліканападобныя, весланогія (Pelecaniformes) — атрад вадаплаўных птушак. Вядомы з ранняга эацэну (каля 40 млн г. назад). Падзяляюцца на 6 сямействаў: бакланавыя, змеяшыйкавыя, олушавыя, пеліканавыя, фаэтонавыя і фрэгатавыя, 56 відаў. Птушкі сярэдніх і буйных памераў, размах крылаў да 3 м, маса ад 400 г да 14 кг. Апярэнне шчыльнае, густое. Ногі кароткія, з плавальнай перапонкай (злучае ўсе 4 пальцы). Ёсць гарлавы мяшок (акрамя фаэтонавых). Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей, пераважна ў субтропіках на ўзбярэжжах мораў, па бзрагах рэк, азёр. Большасць відаў селіцца калоніямі. На Беларусі адзначаны як рэдкі від — баклан вялікі і залётны від — пелікан ружовы. Кормяцца рыбай і іншымі воднымі жывёламі. Манагамы. Нясуць да 6 яец. Некаторыя віды бакланаў, олушаў і пеліканаў — асноўныя выпрацоўшчыкі гуана на ўзбярэжжах Паўднёвай Амерыкі і Паўднёвай Афрыкі. Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia