Польскі дэмакратычны саюз Беларусі
Польскі дэмакратычны саюз Беларусі (1907) (польск.: Związek Polski Demokratyczny na Białej Rusi, руск.: Польский демократический союз Беларуси) — палітычная партыя ліберальна-дэмакратычнага кірунку «краёвасці» у Расійскай імперыі (у прыватнасці — у Беларусі і Літве) у пачатку ХХ ст., якая сумяшчала ў сваёй праграме «краёвыя» (аўтанамісцкія) і ліберальна-дэмакратычныя лозунгі. Ставіла за мэту абарону інтарэсаў усіх народаў і катэгорый насельніцтва літоўска-беларускіх губерняў. У адрозненне ад Краёвай партыі Літвы і Беларусі, якая рабіла стаўку на землеўласнікаў, Польскі дэмакратычны саюз імкнуўся павесці за сабой на выбарах у III Дзяржаўную думу Расійскай імперыі мясцовую «польскую» (польскамоўную і каталіцкую) інтэлігенцыю. Стварэнне Саюза не было завершана і сапраўднай палітычнай арганізацыяй ён не стаў. Абставіны стварэнняРэвалюцыя 1905—1907 гадоў у Расіі ўвяла ліберальныя свабоды, якія ўпершыню ў Расійскай імперыі дазволілі легальна ствараць палітычныя партыі самых розных поглядаў. Узніклы ў літоўска-беларускіх губернях рух «краёўцаў» пачаў імкнуцца набыць партыйныя формы сваёй дзейнасці. Сярод краёўцаў вылучылася два кірункі (ліберальна-кансерватыўны і ліберальна-дэмакратычны)[1]. Наяўнасць дзвюх плынь тлумачылася тым, што карэнныя польскамоўныя і каталіцкія дваране (якія называлі сябе і як «літоўцы» (ці па-польску «літвіны»), і як «палякі» у палітанімічным значэнні) літоўска-беларускіх губерняў у канцы XIX ст. падзяляліся на дзве асноўныя праслойкі — землеўласнікі і гарадская інтэлігенцыя (адвакаты, чыноўнікі, лекары, настаўнікі, навукоўцы, інжынеры, будаўнікі, камерсанты і г.д.). Па сутнасці, тэрмін «палякі» быў для іх палітонімам (звязваўся з ідэяй адраджэння «Польшчы» — былой федэрацыйнай Рэчы Паспалітай), бо ўсе яны выступалі за адасобленасць свайго «края» («Літвы», г.зн. зямель былога Вялікага Княства Літоўскага) ад карэнных польскіх губерняў. Рознасць у эканамічных інтарэсах перакрывалася тым, што мясцовыя землеўласнікі і інтэлігенцыя лічылі адзін аднаго за блізкіх: гарадская інтэлігенцыя альбо паходзіла са збяднелых дваран-землеўласнікаў, альбо была звязана сямейнымі і асабістымі (таварыскімі) адносінамі з землеўласнікамі[2]. Сярод землеўласнікаў пераважаў кансерватызм, а інтэлігенцыя трымалася прагрэсіўных (дэмакратычных) поглядаў. Акрамя таго, у літоўска-беларускіх губернях дзейнічалі і іншыя партыі. Сярод мясцовай інтэлігенцыі (асабліва ў Магілёўскай і Віцебскай губернях, дзе быў значным працэнт рускага землеўладання) моцнымі былі ўплывы расійскіх канстытуцыйных дэмакратаў (г.зв. «кадэтаў»), што аказвала свой уплыў і на мясцовую польскамоўную і каталіцкую інтэлігенцыю і землеўласнікаў[3]. ЗаснаваннеАмаль адначасова са з’ездам дваран у чэрвені 1907 у Вільні, дзе была створана Краёвая партыя Літвы і Беларусі, у Мінску адбыўся сход, на якім 17 чэрвеня 1907 была створана партыя «Польскі дэмакратычны саюз Беларусі». Гэтаму сходу папярэднічала нарада невялікага кола мясцовых дваран-землеўласнікаў і інтэлігенцыі ў маёнтку Дашкоўка Вітальда Жукоўскага ў Быхаўскім павеце, дзе быў зацверджаны праект праграмы партыі і папярэдні план арганізацыйных дзеянняў[3]. Ініцыятарам стварэння партыі была не інтэлігенцыя, а асобныя землеўласнікі Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў, на якіх вялікі ўплыў зрабілі ў ходзе рэвалюцыі 1905—1907 гадоў у Расіі дэмакратычныя погляды расійскай партыі канстытуцыйных дэмакратаў (г.зв. «кадэтаў»), — асаблівую актыўнасць праявілі землеўласнікі Магілёўскай губерні Вітальд і Уладзіслаў Жукоўскія, члены Магілёўскага таварыства сельскай гаспадаркі. Аднак партыя Польскі дэмакратычны саюз Беларусі імі спецыяльна задумвалася як арганізацыя, якая павінна прыцягнуць увагу ў першую чаргу мясцовай (каталіцкай і польскамоўнай) прагрэсіўнай гарадской інтэлігенцыі, каб аб’яднаць апошнюю і адцягнуць ад падтрымкі поглядаў Польскай нацыянальна-дэмакратычнай партыі («эндэкаў»)[4]. Было вядома, што менавіта сярод гарадской інтэлігенцыі «эндэкі» знаходзілі сваіх галоўных прыхільнікаў у Паўночна-Заходнім краі (асабліва ў яго галоўным горадзе — Вільні). Польскі дэмакратычны саюз Беларусь, у Галоўны камітэт якога ўвайшлі Вітальд Жукоўскі, Уладзіслаў Жукоўскі, Густаў Выкоўскі, Ежы Асмалоўскі (1872—1952)[5], Канстанцін Гардзялкоўскі[6], Канстанцін Дзямідэцкі-Дзямідовіч, Уладзімір Нітаслаўскі, Міраслаў Абязерскі[7], Аляксандр Ражноўскі, Эдмунд Івашкевіч, А. Яленскі і інш., ствараўся не як канкурэнт Краёвай партыі Літвы і Беларусі, а побач з ёй як саюзнік у змаганні супраць уплыву ў краі польскіх «эндэкаў»[4]. Паводле польскага гісторыка Яна Савіцкага, Польскі дэмакратычны саюз Беларусі быў толькі пачаткам палітычнай партыі. ПраграмаЗаснаваўчы двухдзённы сход у Мінску зацвердзіў палітычную праграму: уздым дабрабыту і культурнага ўзроўня ўсіх жыхароў края незалежна ад этнічнай і рэлігійнай прыналежнасці ці сацыяльнага становішча; увядзенне валаснога, павятовага і губернскага самакіравання з гарантыяй праў нярускага насельніцтва; стварэнне моцнай сялянскай гаспадаркі (у тым ліку, за кошт пераходу сялянам часткі зямлі маянткоўцаў за выкуп); увядзенне свабодных, роўных, тайных і прапарцыянальных выбараў (што было любімым лозунгам расійскіх «кадэтаў»). Адным з прынцыповых патрабаванняў саюз ставіў зняцце абмежаванняў у адносінах да «асоб польскага паходжання», захаванне права на культурнае развіццё палякаў і ўвядзенне аўтаноміі Царства Польскага (карэнных польскіх губерняў) у Расійскай імперыі. Апошняе патрабаванне (увядзенне аўтаноміі Царства Польскага) было ўведзена лідарамі партыі (якія былі галоўным чынам землеўласнікамі і членамі мясцовых таварыстваў сельскай гаспадаркі) спецыяльна, каб адлучыць мясцовую «левую» польскамоўную і каталіцкую інтэлігенцыю («палякаў») не толькі ад расійскіх «кадэтаў», але і ад польскіх «эндэкаў»[3]. Тлумачучы на старонках газеты «Kurier Litewski» (№164, 1907 г.) асноўныя праграмныя прынцыпы, Вітальд Жукоўскі сцвярджаў, што краёвая ідэя — адзіна магчымая пазіцыя для «польскай» інтэлігенцыі ў краі, характэрнай рысай якога з'яўляецца шматнацыянальнасць, і заяўляў аб імкненні партыі абараняць інтарэсы і правы самых шырокіх кол насельніцтва. Палякі, літоўцы, беларусы і яўрэі ў праграме трактаваліся як карэнныя народы края, а рускія былі ахарактарызаваны як чужая і варожая краёвым інтарэсам група, якая імкнецца да русіфікацыі края. Лідарамі партыі планавалася трымаць сувязь з краёўцамі-кансерватарамі (з Краёвай партыяй Літвы і Беларусі), што павінна было забяспечыць краёўцам двух кірункаў поспех на выбарах у III Дзяржаўную думу[8]. Падтрымка ў грамадствеПольскі дэмакратычны саюз Беларусі не атрымаў шырокай падтрымкі з боку мясцовай польскамоўнай і каталіцкай інтэлігенцыі Беларусі. Разгарнуць практычную дзейнасць таксама не здолеў і ўсё закончылася на стадыі прыняцця галоўных партыйных дакументаў[8]. Спыненне існавання партыі, як і іншых партыйных і грамадскіх аб'яднанняў краёўцаў, было выклікана не спадам папулярнасці ідэй «краёвасці», а знешнімі ўмовамі, якія паўплывалі на змяненне арганізацыйных форм і метадаў палітычнага руху «краёўцаў». Гэта ў першую чаргу завяршэнне рэвалюцыі 1905—1907 гадоў у Расійскай імперыі, што прывяло да адкату многіх саступак царызма, звужэння некаторых ліберальных праў, прынятых у ходзе рэвалюцыі, і роста ў органах кіравання і прэсе рускага вялікадзяржаўнага шавінізма як рэакцыі на актывізацыю этнакультурных і этнапалітычных рухаў самых розных народаў, якія разглядаліся ўладамі як пагроза для ўнітарнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Расійскай імперыі. У прыватнасці, галоўнай прычынай заняпада партыі былі новыя выбарчыя законы ў III Дзяржаўную Думу і Дзяржаўны Савет, якія значна звужалі і абмяжоўвалі магчымасць абрання ў заканадаўчыя установы Расійскай імперыі прадстаўнікоў нярускага, неправаслаўнага і недваранскага насельніцтва. Зноскі
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia