Раб (Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь)
Раб — адна з чатырох даваенных драўляных скульптур Аляксандра Грубэ ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, што ацалелі ў часы Другой сусветнай вайны. У гады вайны творы музея былі звезеныя нямецкімі войскамі, але драўляныя скульптуры не былі крануты і так і прастаялі ў памяшканні музея[1]. «Раб» зроблены ў 1928 годзе з суцэльнага кавалка ліпы, якая расла ў Аляксандраўскім скверы ў Менску. Мяркуючы па памерах скульптуры, ліпа была вельмі вялікай. Непрапарцыйная фігура, велізарныя рукі і ногі, звязанае цела, напружаныя мышцы — сам персанаж умоўны, цяжка сказаць, гэта першабытны чалавек ці сучаснік скульптара[1]. Раб закуты, але не зламаны: у яго левай руцэ заціснуты камень, твар дыхае няўмольнай нянавісцю. Аўтар экспрэсіўнымі сродкамі — дэфармацыяй, гратэскам — перадае моц чалавека і ўладу кайданоў. Відавочна — асілак вырвецца на волю. Скульптар праўдзіва паказаў стан прыгнечанага народа і меркаваны вынік выбуху гневу — заслужанага, але і бязлітаснага. Гэта — адно з абліччаў рэвалюцыі і, магчыма, урэшце, вызначальны. Аблічча пужае, але велізарная сіла і энергія раба зачароўвае, як пужае і зачароўвае разбуральная і стваральная сіла[2]. ЗноскіСпасылкі |
Portal di Ensiklopedia Dunia