Сальвінія
Сальві́нія[2] (Salvinia) — род папарацей сямейства Сальвініевыя (Salviniaceae). АпісаннеАдна- і шматгадовыя водныя разнаспоравыя папараці. Сапраўдных каранёў не маюць. Сцёблы (карэнішчы) галінастыя, ніткападобныя, даўжынёй да 10 см. Лісце па тры ў кальчаках. Два лісты суцэльныя, зялёнага колеру і плаваюць на паверхні вады, трэці ліст (спараносны) буры, рассечаны на ніткападобныя долі, нагадваючыя карані, апушчаны ў ваду. На ўнутраным баку некаторых лістоў маюцца шарападобныя споракарпіі. Анатамічная будова сцябла і лістоў адлюстроўвае рысы прыстасавання да воднага спосабу жыцця: шмат буйных паветраных поласцей, нязначна развітыя механічныя элементы, моцна рэдукаваная праводзячая сістэма. У цэнтры сцябла праходзіць канцэнтрычны праводзячы пучок (у цэнтры ксілема з 1–3 трахеід, флаэма, перыцыкл) і эндадэрма. Кара з вялікімі паветранымі поласцямі. У лістах многа паветраных поласцяў у два паверхі. На верхнім баку ліста развіваюцца акруглыя клеткі з васкавым налётам. Гэта сасочкі, якія спрыяюць выдаленню вады з паверхні ліста. Знізу лісты і сцябло пакрыты шматлікімі бурымі валаскамі. ПашырэннеРод налічвае каля 10 (8[3]) відаў, пашыраных у трапічных раёнах Афрыкі і Амерыкі, таксама ва ўмераных абласцях Паўночнай Амерыкі і Еўразіі.
На тэрыторыі краін былога СССР (у т.л. на тэрыторыі Беларусі) распаўсюджаны 1 від: Salvinia natans — Сальвінія плывучая. Асаблівасці біялогііУ аснове падводных лістоў на кароткіх бакавых разгалінаваннях утвараюцца шарападобныя сорусы. Усе яны амаль аднолькавых памераў, але ўтрымліваюць усярэдзіне розныя спарангіі. У адных сорусах развіваюцца шматлікія дробныя мікраспарангіі, у другіх больш буйныя мегаспарангіі ў меншай колькасці. Спарангіі маюць ножку і прымацоўваюцца да плацэнты. Сорусы маюць двайную абалонку (індузій), якая зрастаецца ўнізе і ўверсе. Паміж імі знаходзіцца паветра. У спарангіях са спарагеннай тканкі шляхам рэдукцыйнага дзялення ўтвараюцца споры. У мікраспарангіях развіваецца звычайна 64 мікраспоры. У мегаспарангіях утвараецца спачатку вялікая колькасць мегаспор, але поўнага развіцця дасягае толькі адна (астатнія адміраюць). Увосень сорусы адпадаюць і зімуюць на дне вадаёма. Вясной пасля згнівання абалонкі сорусаў мікра- і мегаспарангіі ўсплываюць на паверхню. Кожная з 64 мікраспор прарастае ў моцна рэдукаваны мужчынскі зарастак, які не пакідае мікраспарангія. Пры першым дзяленні мікраспоры ўтвараецца тры клеткі. Ніжняя з іх яшчэ раз дзеліцца на дзве праталіяльныя клеткі. Адна з праталіяльных клетак разрастаецца і высоўвае дзве верхнія антэрыдыяльныя клеткі праз разрыў абалонкі мікраспарангія наверх. Сперматагенная клетка кожнага антэрыдыя ўтварае 4 мнагажгуцікавыя сперматазоіды. Такім чынам, мужчынскі зарастак утварае 2 антэрыдыі і 8 сперматазоідаў. Мегаспора ў мегаспарангіі прарастае і ўтварае жаночы зарастак, які не пакідае абалонкі мегаспарангія. Пры прарастанні ядро мегаспоры дзеліцца і ўтварае 2 клеткі. З верхняй клеткі фарміруецца жаночы зарастак. Ніжняя клетка моцна разрастаецца, ядро яе дзеліцца шматразова, але перагародкі не ўтвараюцца. Яна запаўняецца спажыўнымі рэчывамі для зародка. Жаночы зарастак разрывае абалонку мегаспарангія і высоўваецца наверх. Клеткі яго зелянеюць. На ім фарміруецца 3–5 архегоніяў. Пасля апладнення з зіготы фарміруецца зародак (сцяблінка і лісцікі). З яго ўтвараецца дарослая расліна. ВыкарыстаннеВыкарыстоўваюцца ў якасці дэкаратыўных акварыумных раслін, у рыбагадоўлі, у якасці прыродных фільтраў. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia