Соць
Соць (руск.: Соть) — рака ў еўрапейскай частцы Расіі; працякае па Яраслаўскай вобласці, у верхнім цячэнні — па Першамайскім раёне, у ніжнім — на мяжы раёнаў Данілаўскага на захадзе і Любімскага на ўсходзе. Бярэ пачатак на Данілаўскім узвышшы, цячэ на паўднёвы ўсход, упадае з паўночнага захаду, побач з вусцем ракі Воньга, у Кастрамскі заліў Горкаўскага вадасховішча, да стварэння якога была правым прытокам ракі Кастрамы. Даўжыня — 144 км, плошча басейна — 1460 км². Жыўленне пераважна снегавое. Разводдзе ў красавіку — маі, у гэты час сплаўная. Сярэднегадавы расход вады — 6,5 м³/с (за 59 км ад вусця). Пад лёдам з канца кастрычніка — лістапада па красавік. Соць пачынаецца ва ўрочышчы Мядзведкава побач з вёскай Малеева Першамайскага раёна, за адзін кіламетр ад мяжы з Валагодскай вобласцю. У верхнім цячэнні Соць цячэ сярод высокіх лясных берагоў, шырыня ракі 8—10 метраў. У сярэднім цячэнні, ніжэй за адміністрацыйны цэнтр Першамайскага раёна пасёлка Прачыстае, размешчанага за кіламетр ад ракі, рака пашыраецца да 15—20 метраў. У верхнім і сярэднім цячэнні рака часам утварае невялікія перакаты і парожкі, цячэнне даволі хуткае. За вусцем ракі Коншы ніжэй населенага пункта Цітова пачынае адбівацца падпор вадасховішча, цячэнне значна запавольваецца, рака выходзіць на раўніну і пачынае ўтвараць вялікія лукавіны. Каля Левінскага перасякае аўтамагістраль М8 «Масква — Халмагоры» і чыгунку Данілаў — Волагда; каля Барадзіно — чыгунку Данілаў — Любім. Зноскі |
Portal di Ensiklopedia Dunia