Стэфан Андрэевіч Збаражскі
Стэфан Андрэевіч Збаражскі (каля 1518 — 1585) — дзяржаўны дзеяч ВКЛ, ваявода троцкі (1566—1585), кашталян троцкі (1564—1566), ваявода віцебскі (1555—1564). Біяграфічныя звесткіПаходзіў з княжацкага роду Збаражскіх. Сын Андрэя Сямёнавіча Збаражскага. Каралеўскі дваранін, ваявода віцебскі ў 1555—1564, троцкі кашталян ў 1564—1566 і ваявода з 1566; дзяржаўца жосленскі з 1574, самілішскі, рудніцкі, дарсунішскі. Пакроўскі Ф. у кнізе «Археологическая карта Виленской губернии» (Вильна, 1893) прыводзіць наступныя звесткі: «м. Кобыльники… В церковном архиве хранится подлинная фундушевая запись 1551 г., данная кн. Збаражским»[11]. У 1555—1556 С. Збаражскі ўзначальваў вялікае пасольства ў Маскву. Каля 1560 збудаваў замак і заснаваў горад у Суражы. Дзякуючы шлюбу з Г. Я. Забярэзінскай атрымаў маёнткі Боцькі, Дубна, Кнарыды, Міжрэчча, частку Забярэззя, Волму, Бакшты і інш. 2-я жонка, княгіня Н. М. Заслаўская, прынесла яму маёнткі Цяцерын, Пацкава, Кабыльнік. 3-я жонка — Д. Фірлей. Ад гаспадара атрымаў маёнткі Краснае Сяло, Гегужын, Жэймы. Валодаў часткай Збаража і інш. на Украіне. У 1569 — адзін з нямногіх прыхільнікаў Люблінскай уніі сярод буйных дзеячаў ВКЛ. Разам з Астафіям Валовічам камандаваў пехотай пад Полацкам. «Попис войска литовского 1567 года» адлюстроўвае наступныя ўладанні Стэфана Збаражскага:
Першапачаткова праваслаўны, пазней перайшоў у кальвінізм, а перад смерцю — у каталіцтва. У 1552 ён спрыяў заснаванню кальвінскага збору ў Віцебску. «Дзённік літоўскіх паслоў»У творы, які мае ўмоўную назву «Дзённік літоўскіх паслоў», перададзены падзеі дыпламатычнай місіі. Разгортванне падзей пачынаецца з моманту прыезду пасольства ВКЛ на землі Маскоўскага княства, паведамленнем пра час — 7 студзеня 1556, і пералікам кіраўнікоў пасольскай місіі з указаннем іх пасадаў. Апавяданне вядзецца ў асноўным ад імя «нас», г.зн., кіраўнікоў пасольства, за выключэннем аднаго выпадку, дзе аўтар гаворыць ад сваёй асобы: «Таго ж дня, у аўторак, прыставы былі на абедзе ў мяне, старэйшага пасла, князя Стафана Андрэевіча Збаражскага, ваяводы віцебскага. I там усе паслы разам абедалі і віталі прыставаў паводле нашага звычаю, што яны ад нас з удзячнасцю прымалі. Добра падпіўшы, яны падзякавалі нам і паехалі». Дамінанта апавядальнасці — часава-храналагічныя прывязкі, што выяўляецца ў паведамленнях пра дні тыдня і чыслы падзеяў. Прасторавыя параметры ў мастацкай тканцы твора выяўляюцца праз фіксаванне геаграфічных і тапанімічных каардынатаў. У «Дзённіку літоўскіх паслоў» фігуруюць звыш дзесяці персанажаў, прычым усе яны — гістарычныя асобы: маскоўскі князь Іван IV Грозны, баяры Якаў Салтыкоў-Марозаў, Міхайла Марозаў, Іван Варанцоў, Фёдар Сукін, пісар Іван Віскаваты. Аўтар аддае перавагу функцыянальнаму прынцыпу абмалёўкі персанажаў: называюцца іх учынкі, дзеянні, пасады. Зрэдку сустракаюцца мастацкія дэталі, партрэты, апісанні вопраткі, фізіягнамічныя асаблівасці (характарыстыкі голасу, вачэй, твару, жэстаў і інш.). Сярод галоўных сюжэтна-кампазіцыйных кампанентаў «Дзённіка літоўскіх паслоў» — сцэны аўдыенцый у Крамлі. Яны ўключаюць наступныя топікі — прыезд прыставаў да вялікіх паслоў і запрашэнне ў Крэмль, праезд брамы (сцэна ля слупоў), сустрэча ў сенцах перад палацам князя з пералікам баяраў, якія выйшлі насустрач, рытуальнае прадстаўленне вялікаму князю паслоў, ветлівае запрашэнне ад манарха заняць адпаведнае месца на лаве насупраць ад яго, нарэшце, прапа-нова баярына-дыпламата Івана Віскаватага ад імя манарха перайсці ў палату для вядзення перамоў. Спецыфічная, бадай, толькі сцэна першай аўдыенцыі, якая ўключае цалаванне пасламі рукі вялікага князя, дыялог з ім пра яго здароўе, дазвол князя чыніць пасольства, паднашэнне падарункаў, ласкавае запрашэнне з боку князя сталавацца ў яго, вячэра ў гонар паслоў. У «Дзённіку літоўскіх паслоў» некалькі сцэн перамоў паміж пасламі ВКЛ і маскоўскімі баярамі. Аўтар фіксуе ўдзельнікаў дыскусій з абодвух бакоў, перадае асноўныя прамовы, змест пытанняў, якія абмяркоўваліся. Галоўны прадмет перамоў — падпісанне артыкулаў перамір'я паміж дзвюма краінамі. У якасці прадмета абмеркавання ў творы выступаюць і другасныя з'явы, што былі звязаныя з бяспекай і побытам вялікіх паслоў у Маскве. Каларытна пададзеныя ў творы сцэны пажару ў Маскве, збіццё возчыкаў памежнікамі пры ўездзе ў Крэмль, падпісанне перамір'я паміж Маскоўскай дзяржавай і Вялікім Княствам Літоўскім. «Дзённік літоўскіх паслоў» — адзін з першых твораў старажытнабеларускай літаратуры, дзе шырока выкарыстоўваюцца дыялогі і маналогі як кампаненты мастацкага твора. Усяго ў «Дзённіку літоўскіх паслоў» 10 прамоў паслоў, 5 маналогаў вялікага князя маскоўскага, 12 прамоў прыставаў, 8 маналогаў маскоўскіх баяраў, з якіх 6 — безасабовыя і 2 — персаніфікаваныя. Найбольш значная з персаніфікаваных баярскіх прамоў — гэта прамова Якава Салтыкова-Марозава ў час першай аўдыенцыі паслоў у вялікага князя. Паводле зместавага аб'ёму частка з іх — гэта сціслыя адказы або запытанні, аднасказавыя паводле формы, іншыя — разгорнутыя полісемантычныя тэкставыя адзінкі. Спецыфіка дыялогаў і маналогаў у тым, што яны відавочна скарочаныя: аўтар падае толькі галоўнае, сутнасць. У выніку аповед не заўсёды поўны, часам як бы разарваны. Перадаюцца дэталі, адметнасці паводзін і манеры ўдзельнікаў дыялога. Дыялогі, відавочна, узнаўляліся аўтарам паводле ўспамінаў з выкарыстаннем пратакольных запісаў. Мова іншаземцаў — маскоўскіх дваранаў — падаецца ў перакладзе на беларускую. Аўтару ўдалося стварыць натуральнасць дыялогаў. Адзін з шляхоў да гэтага — ужыванне, побач з ускоснай, простай мовы. Аднак спектр сігнальных дзеясловаў перад простай мовай звужаны. Пісьменнік карыстаецца, як правіла, трыма нейтральнымі формамі: «паведалі», «мовілі», «адказалі». На ўсіх стылістычных узроўнях «Дзённіка літоўскіх паслоў» адчувальны ўплыў пратакольных запісаў, справаводчага дыскурсу, які пераважаў у тагачаснай дыпламатычнай практыцы фіксавання пасольскіх місій. Літаратуразнаўчы аналіз «Дзённіка літоўскіх паслоў» сведчыць пра пісьменніцкія здольнасці С. Збаражскага, валоданне ім літаратурнай мовай. Рукапісны арыгінал «Дзённіка літоўскіх паслоў» захоўваецца ў Цэнтральным дзяржаўным архіве старажытных актаў у Маскве. Зноскі
Літаратура
Спасылкі |
Portal di Ensiklopedia Dunia