Судан (рэгіён)
Суда́н[4] (араб. بِلَادُ السُّوْدَان bilâd as-sûdân, літаральна «краіна чорных») — гістарычная прыродная вобласць у Афрыцы, на поўдзень ад пустыні Сахара. ГеаграфіяТэрыторыя Судана размешчана ў межах Афрыканскай (Афрыкана-Аравійскай) платформы[5]. Яе сінеклізам адпавядаюць упадзіны сярэдняга цячэння ракі Нігер, возера Чад, Белага Ніла; на захадзе — прыбярэжная нізіна Сенегамбіі[5]. Распасціраецца ад паўднёвых межаў Сахары да прыэкватарыяльных раёнаў (4—8° паўночнай шыраты) і ад Атлантычнага акіяна, амаль праз увесь кантынент, да Эфіопскага нагор’я. Працягласць з поўначы на поўдзень больш за 1000 км, з захаду на ўсход — каля 5500 км. Плошча рэгіёна складае каля 5 млн км². Пераважаюць вышыні 200—500 м. Над упадзінамі падымаюцца крышталічныя плато Джос, Дарфур і Кардафан (вышыні 500—1500 м) з астраўнымі гарамі. Самая высокая гара — Мара (3088 м). Пашыраны рачныя даліны, сухія і паўсухія рэчышчы, азёрныя ўпадзіны. Найбольшыя рэкі: Ніл з прытокам Собат, Нігер, Сенегал, Гамбія, Шары, Бенуэ, Бахр-эль-Газаль, Белая Вольта, Чорная Вольта. У басейнах рэк Нігер і Бахр-эль-Газаль шмат невялікіх азёр. Найбольшае возера рэгіёна — возера Чад. У напрамку з поўначы на поўдзень выразна шыротная змена ландшафтаў ад трапічных пустынь Сахары, праз паўпустыні і саванны да гілеяў экватарыяльнай Афрыкі. Большую частку тэрыторыі займае саванна, на поўдні — высакатраўная саванна і лесасаванна[4]. Глебы пераважна чырвоныя фералітныя, алферытныя, чырвона-бурыя, чырвона-карычневыя[4]. На тэрыторыі Судана цалкам або часткова заходзяцца дзяржавы Сенегал, Бенін, Буркіна-Фасо, Гамбія, Гана, Гвінея-Бісау, Гвінея, Малі, Кот-д’Івуар, Камерун, Нігер, Нігерыя, Тога, Чад, Судан, Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка. КліматКлімат субэкватарыяльны, мусонны. У летні перыяд значны ўплыў аказвае паўднёва-заходні экватарыяльны мусон, зімой — паўночна-ўсходні сухі і гарачы пасат. Колькасць атмасферных ападкаў за год узрастае ад 100 мм у паўночнай частцы да 2000 мм на поўдні. Вільготны сезон цягнецца 2—10 месяцаў. На поўдні ідуць так званыя зенітальныя дажджы[4]. Сярэдняя тэмпература паветра ад 23—24 °C на захадзе да 26—29 °C на ўсходзе[4]. Найбольш нізкія тэмпературы каля 20 °C, найбольш высокія — да 35 °C[5]. Флора і фаўнаБольшую частку тэрыторыі Судана займае тыповая саванна са злакавым покрывам. Сустракаюцца групы дрэў і асобныя дрэвы (парасонавыя акацыі, веерная пальма, пальма дум, баабабы, малачаі і інш.)[4]. На поўдні высакатраўная саванна і лесасаванна. Да далін рэк і катлавін прымеркаваны лясныя масівы з густым падлескам. У паўночнай частцы паўпустыня і сухая саванна з калючка-дрэвавай фармацыяй. Кусты акацыі вышынёй да 1,5 м. Жывёльны свет належыць да Эфіопскай вобласці[4]: антылопы, жырафа, львы, бегемоты і інш. Сустракаюцца сланы і насарогі. Сярод птушак: страус, балотны бусел, дрофы і інш. ГаспадаркаЗона саваннаў — тэрыторыя актыўнага старажытнага земляробства і жывёлагадоўлі. Вырошчваюць арахіс, бавоўнік, сорга, кукурузу, пшаніцу. Сельскагаспадарчая дзейнасць вядзе да ўзмацнення працэсаў апустыньвання[4]. КрыніцыЛітаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia