Тсуга
Тсуга[1] (Tsuga, ад яп.: 栂, ツガ, Tsúga) — род, блізкі да піхтаў і елак, які займае прамежкавае паміж імі становішча. Вечназялёныя, аднадомныя дрэвы з ніцымі тонкімі парасткамі і ў большасці відаў кароткай плоскай ігліцай. Навуковая назва паходзіць ад японскай назвы віду Tsuga sieboldii. АпісаннеВечназялёныя аднадомныя дрэвы вышынёй да 50 (часам да 70) м. Каранёвая сістэма добра развітая. Крона канічная або пірамідальная звычайна з паніклай верхавінай, у некаторых азіяцкіх відаў няправільная яйкападобная. Кара ад шэрага да карычневага колеру, лускаватая, часта з глыбокімі разорамі. Парасткі падоўжаныя. Лісце невялікае, чаргаванае, даўжынёй да 3 см, звычайна двухраднае, простае, суцэльнае, суцэльнакраёвае, плоскае, лінейнае, на кароткіх чаранках; захоўваецца некалькі гадоў. Пупышкі ў асноўным з закругленымі верхавінамі, не смалістыя. Пылковыя шышкі: дробныя, даўжынёй да 5 мм даўжынёй, адзінкавыя, шарападобныя, карычневыя. Насенныя шышкі спеюць 5-7 месяцаў, маюць даўжыню 15–55 (часам да 80) мм, прадаўгавата-яйцападобныя, паніклыя, спярша зялёныя, пры выспяванні бурыя, сядзячыя або амаль сядзячыя, ападаюць неўзабаве пасля высыпання насення, але могуць трымацца і некалькі гадоў. Насенне памерам каля 3-5 × 2-3 мм, са шматлікімі дробнымі бурбалкамі смалы і з двума тонкімі крыламі 5-10 мм. Размнажаюцца вегетатыўна і насеннем. Працягласць жыцця да 700 (і нават да 1000) гадоў. ПашырэннеЦеневынослівая, умерана зімаўстойлівая, патрабавальная да вільготнасці глебы і паветра расліна, малаўстойлівая да гарадскіх умоў, добра пераносіць стрыжку. Налічвае каля 10 відаў, распаўсюджаных пераважна ва ўмераных і субтрапічных рэгіёнах Паўночнай Амерыкі, Паўднёва-Усходняй і Усходняй Азіі ў адносна вільготным клімаце, часта ў гарах. Большасць з іх з’яўляюцца важкімі, калі не панавальнымі кампанентамі раслінных супольнасцяў, у якіх яны растуць. Шырока культывуюцца ў розных рэгіёнах зямнога шара. Найбольш распаўсюджана ў культуры тсуга канадская (Tsuga canadensis), якая мае шмат сартоў, што адрозніваюцца памерамі, формай кроны і афарбоўкай ігліцы. ВідыПаводле базы даных The Plant List (на ліпень 2016) род уключае 10 відаў[2]: 4 у Паўночнай Амерыцы і 6 у Азіі.
ВыкарыстаннеДраўніна ўмерана трывалая, прымяняецца ў будаўніцтве, у мэблевай вытворчасці і для вырабу розных прадметаў быту. Каштоўная дэкаратыўная расліна. Выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне, для здабывання смалы і эфірных алеяў. Крыніцы
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia