Удзельнік:Чаховіч Уладзіслаў/Архітэктура МінскаПершаасновай Мінска быў дзядзінец XI ст., размешчаны не на ўзвышшы, а ў нізіне, у месцы ўпадзення р. Няміга ў р. Свіслач. У замках такога тыпу выкарыстоўваліся абарончыя ўласцівасці балоцістай, затапляльнай мясцовасці. У першапачатковы перыяд на фарміраванне планіровачнай структуры горада вялікі ўплыў зрабіла пераважная трасіроўка міжгарадскіх гандлёвых шляхоў з захаду і паўднёвага захаду (Гродна, Брэст) на паўночны ўсход (Віцебск, Смаленск). Цэнтрам Мінска стаў замак і размешчаная паблізу гандлёвая плошча трохвугольнай канфігурацыі — Ніжні рынак. Уздоўж Нямігі, па Нямігскім пасадзе праз плошчу і далей, на левым беразе Свіслачы па Траецкай гары праходзіла галоўная, найбольш старажытная вуліца. Пасля, у XVI ст., у выніку буйнамаштабных горадабудаўнічых мерапрыемстваў на суседнім узгорку быў створаны новы грамадскі цэнтр, рэгулярна спланаваная ва ўласцівых эпосе Адраджэння традыцыях прамавугольная плошча Верхні, альбо Высокі рынак. У XVII-XVIII стст. умацаванні горада ўключалі замак і паўкальцо земляных валоў і равоў з паўднёвага, найбольш слабага боку. Горад, кампактны ў плане, па характары вулічнай сеткі адносіўся да двухцэнтравага, радыяльна-паўкальцавога з прамавугольнымі элементамі тыпу. Цэнтрамі сыходжання вуліц радыяльнай накіраванасці былі замак з Ніжнім рынкам, а таксама Верхні рынак; у раёне апошняга планіровачная структура набліжалася да прамавугольнай. Ансамбль Верхняга рынкуАнсамбль забудовы Верхняга рынку (пазней — Саборная плошча), які фарміраваўся на працягу XVI — пачатку XX ст., — выдатны помнік горадабудаўніцтва. На малой тэрыторыі канцэнтравалася вялікая колькасць дамінант, што абумовіла насычанасць архітэктурнай кампазіцыі. У прасторавай структуры ансамбля спалучаліся ўласцівасці сярэднявечнай і рэнесансна-барочнай горадабудаўнічых культур. Нерэгулярная планіроўка яго паўночна-ўсходняга ўчастка натуральна склалася ў познім Сярэднявеччы. Асноўная ж частка ансамбля характарызавалася размяшчэннем будынкаў у артаганальнай сістэме ўзаемазвязаных планіровачных восяў, што тыпова для Новага часу. Пры гэтым вышынная кампазіцыя забудовы вызначалася шматвежавым сілуэтам з рознымі па характары вертыкалямі, маляўнічай рознавышыннасцю аб’ёмаў. У канцы XVIII — 1-й палове XIX ст. у стылёвым вырашэнні культавых будынкаў пераважала барока; іх аблічча дапаўнялася асобнымі дамінантамі ў формах рэнесансу, як, напрыклад, царква Святога Духа, і класіцызму (ратуша).
У XIX ст. разбураны ці перабудаваны асобныя выдатныя архітэктурныя збудаванні. У многім гэты працэс быў абумоўлены ўнутрыпалітычнай сітуацыяй, якая настала пасля разгрому паўстання 1830—1831 гг. У 1850-я гг. ахвярай стала ратуша, у якой у 1-й палове XIX ст. апрача адміністрацыйных устаноў — суда, магістрата, гаўптвахты, архіва — размяшчаліся музычная школа і гарадскі тэатр. Фармальнай прычынай для зносу служыла тое, што ратуша, «…займаючы сабой частку галоўнай плошчы, абмяжоўвае яе і закрывае краявід саборнай царквы і новаўзводзімых дзяржаўных устаноў…». Аднак, паводле ўспамінаў відавочцаў, будынак ратушы быў знішчаны з-за таго, што «…ён сваім існаваннем напамінаў жыхарам пра звычаі мінулага часу, пра магдэбургскае права…». На рашэнні аб зносе ратушы стаяла ўласнаручная рэзалюцыя Мікалая I. У 1795 г. уніяцкая царква Святога Духа была пераўтворана ў праваслаўны Петрапаўлаўскі сабор, а будынкі базыльянскіх манастыроў заняты духоўнай кансісторыяй і губернскай гімназіяй. Двойчы, у сярэдзіне і ў канцы XIX ст., былая царква Святога Духа, самабытны помнік рэнесансу з элементамі готыкі, перабудоўвалася ў псеўдарускім стылі, што з’яўлялася тыповым для гэтага перыяду праяўленнем архітэктурнага рэтраспектывізму. У сярэдзіне XIX ст. у формах позняга класіцызму адбылася рэканструкцыя корпуса былога мужчынскага базыльянскага манастыра. Таксама ў 1850-я гг. грунтоўна перабудаваны архітэктурны комплекс езуіцкага калегіума; вежа-званіца набыла функцыю пажарнай каланчы, а будынак езуіцкай школы, які з канца XVIII ст. выкарыстоўваўся як дом губернатара, страціў першапачатковы дэкор. У 2-й палове XIX — пачатку XX ст. на тэрыторыі горада феадальнай эпохі і, галоўным чынам, за яго межамі інтэнсіўна складвалася капітальная грамадская і жылая забудова. Разнастайная па сваіх функцыянальных тыпах і мастацкіх асаблівасцях, яна фарміравала цэнтральную частку Мінска. Акрамя таго, у сувязі з тэрытарыяльным ростам горада ў перыяд бурнага развіцця капіталістычных адносін узніклі таксама і перыферыйныя жылыя і прамысловыя раёны, у тым ліку прадмесці з драўлянай сядзібнай забудовай. Яшчэ ў 1920-1930-я гг. цэнтр Мінска ўяўляў сабой цэласнае і буйнамаштабнае гісторыка-горадабудаўнічае ўтварэнне, якое сінтэзавала ў сабе культурную спадчыну розных эпох, хоць і тады знішчаліся каштоўныя грамадскія будынкі. Напрыклад, пры ўзвядзенні ў 1939-1941 гг. будынка ЦК КПБ зруйнаваны дом краязнаўца, збіральніка беларускіх старажытнасцей М. Гаўсмана. Выкананы ў 1857 г. па праекце К. Хршчановіча манументальны будынак вылучаўся рамантычным архітэктурным абліччам з выкарыстаннем разнастайных форм готыкі, рэнесансу і класіцызму. У 1898—1899 гг. тут дзейнічала Мінскае таварыства аматараў прыгожых мастацтваў. Пасляваенны перыядУ кастрычніку 1944 г. распрацаваны «Эскіз планіроўкі Мінска» (арх. А. Шчусеў, У. Сямёнаў, А. Мардвінаў, М. Колі, Б. Рубаненка, І. Лангбард, Н. Трахтэнберг), які стаў асновай генплану аднаўлення і развіцця Мінска. (1946; інстытут «Белдзяржпраект»; арх. М. Андросаў, Н. Трахтэнберг, інжынеры К. Іванаў, Р. Абразцова, В. Талмачоў пры кансультацыі прафесараў У. Сямёнава, Н. Палякова). У 1951—52 гг. генплан Мінска быў скарэкціраваны, удакладнены і паглыблены вырашэнні па найбольш складаных праблемах рэканструкцыі і далейшага развіцця гораду. Адметнай рысай пасляваеннага будаўніцтва з’явілася шырокае развіццё архітэктурніх ансамбляў, цэласнай забудовы вуліц, плошчаў, кварталаў. У гэты час быў створаны адзін з лепшых ансамбляў сталіцы — ансамбль Ленінскага праспекта (сучасны пр. Незалежнасці) з плошчамі Леніна (сучасная Незалежнасці), Цэнтральнай (сучасная Кастрычніцкая), Перамогі, Якуба Коласа і зялёнымі масівамі ўздоўж р. Свіслач. Галоўная вуліца горада забудоўвалася шматпавярховымі жылымі дамамі і грамадскімі будынкамі (адміністрацыйны будынак на рагу вул. Камсамольскай і Ленінскага праспекта, гасцініца «Мінск», галоўны паштамт, гарадскі універмаг, будынак Беларускага рэспубліканскага банку, Палац культуры прафсаюзаў, цырк, стадыён «Дынама»). У 1950-я гады ствараецца ансамбль Круглай плошчы, кампазіцыйным цэнтрам якой стаў манумент Перамогі. З сярэдзіны 1950-х гадоў разгарнулася будаўніцтва індустрыяльнымі метадамі з выкарыстаннем тыпавых праектаў. Былі ўзведзеныя кварталы на вул. Арлоўскай і мікрараён на вул. Валгаградскай, кварталы на вуліцах Апанскага, В. Харужай і М. Горкага[1]. У 1965 г. зацверджаны другі пасляваенны генплан Мінска (арх. Л. Гафо, Я. Заслаўскі, А. Наканечны, І. Люблінскі, Н. Кудзінаў, Н. Трахтэнберг), вызначаныя і ўдакладнены зоны жыллёвага і прамысловага будаўніцтва і, у першую чаргу, такія буйныя жылыя раёны, як Чыжоўка, Усход, Зялёны Луг, Серабранка. У 1974 г. быў складзены праект дэталёвай планіроўкі цэнтральнага раёна Мінска (арх. Я. Дзятлаў, Ю. Градаў, Л. Левін, Я. Заслаўскі, Г. Горына, У. Кароль і іншыя), эскіз забудовы водна-зялёнага дыяметра. Ствараюцца ансамблі грамадска-дзелавых комплексаў і жылых раёнаў на асноўных радыяльных напрамках: па вуліцах Няміга, М. Горкага, Я. Коласа, Прытыцкага, праспектах Машэрава, Партызанскім. У 1960—70-я гады ўзведзеныя Палац спорту, Палац культуры і спорту чыгуначнікаў, кінатэатры «Піянер» (арх. Г. Заборскі), «Кастрычнік», галоўны корпус БДУ (арх. М. Бакланаў, А. Духан), Рэспубліканскі воднаспартыўны камбінат імя 50-годдзя Камсамола Беларусі, Інстытут тэхнічнай кібернетыкі АН БССР (арх. Ю. Грыгор'еў, А. Беразоўскі) і галоўны корпус Інстытута народнай гаспадаркі (арх. А. Ткачук), Палац мастацтваў (арх. С. Мусінскі, Н. Краўкова), гатэль «Турыст» (арх. Л. Пагарэлаў), комплекс жылых дамоў і прадпрыемстваў культурна-побытавага абслугоўвання на вул. Талбухіна і інш. Пабудаваны прамысловыя аб’екты, якія ўзбагацілі архітэктурнае аблічча горада — будынкі гадзіннікавага завода, завода халадзільнікаў і іншыя. Арыгінальнае архітэктурна-мастацкае вырашэнне маюць пабудаваныя ў 1970—80-я гады адміністрацыйна-грамадскія будынкі на пр-це Машэрава (цяпер пр. Пераможцаў), карпусы медыцынскага інстытута на пр-це Газеты «Правда» (арх. Э. Гальдштэйн, Ю. Бічан), галоўны корпус архітэктурнага і будаўнічага факультэтаў БПІ (арх. I. Есьман, В. Анікін), крыты рынак «Камароўскі», аўтавакзал «Усходні», кінатэатр «Масква», будынак бібліятэкі № 11, Палац піянераў і школьнікаў (цяпер Палац дзяцей і моладзі) і інш. У 1984 г. здадзена ў эксплуатацыю 1-я чарга 1-й лініі метрапалітэна. Выразным сілуэтам вызначаецца архітэктурна-скульптурны комплекс «Мінск — горад-герой». Водна-зялёны дыяметр дапаўняюць маляўнічыя дэкаратыўныя вадаёмы, каналы, набярэжныя, каскады Сляпянскай воднай сістэмы. За стварэнне архітэктурна-ландшафтных комплексаў усходніх раёнаў горада аўтарскаму калектыву інстытута «Мінскпраект» (арх. М. Жлабо, Б. Юрцін, В. Шыльнікоўская, Л. Жлабо, Д. Герашчанка, Л. Белякова, інжынер А. Самончык) прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР 1989 г[1]. Гістарычны цэнтрУ пасляваенныя дзесяцігоддзі архітэктурнай творчасці на шкале каштоўнасцей культурная спадчына апынулася на апошнім месцы. Прычына таго — недаацэнка горадабудаўнічага значэння помнікаў дойлідства наогул і адмаўленне спадчыны капіталістычнага перыяду ў прыватнасці. Ідэйная арыентацыя на стварэнне манументальнага і буйнамаштабнага новага асяроддзя сацыялістычнага горада пры нігілізме якасцей існаваўшых планіроўкі і забудовы сфарміравала грамадскую ідэалогію, якая праявілася ў негатыўным стаўленні да культавага дойлідства і масавай гістарычнай забудовы[2]. Як і ў любым іншым горадзе, знос каштоўных будынкаў у многім абумовіўся адвольнымі, малаабгрунтаванымі адносінамі да агульнадзяржаўнага здабытку, адсутнасцю ў гэтых выпадках прыватнай уласнасці на гарадскую нерухомую маёмасць. З вялікай колькасці культавых будынкаў, што існавалі ў XVIII — пачатку XX ст., да нашага часу захаваліся толькі адзінкі. Трэба адзначыць, што перадумовы разбурэння цэласнасці гістарычнага цэнтра Мінска ў 1950-1960-я гг. былі закладзены на стадыі генеральнага плана. Пад праезнай часткай Паркавай магістралі (сучасны праспект Пераможцаў) апынуўся амаль увесь Мінскі замак — помнік археалогіі XI—XVIII стст. Знесены шэраг гістарычных будынкаў. Пад знос трапіў вялікі комплекс гістарычнай забудовы вуліц Няміга і Ракаўская. Пры гэтым была знішчана планіровачная структура сярэдневяковага паходжання, нязначна змененая ў перыяд класіцызму, у тым ліку планіроўка і забудова трохвугольнай плошчы Ніжняга рынку[2]. На вул. Дз. Беднага, якая яшчэ ў 1930-я гг. мела шчыльную капітальную, старажытную ў сваёй аснове забудову, да нядаўняга часу захоўваўся апошні будынак, знесены ў час будаўніцтва станцыі метро[2]. У зоне перасячэння планіровачных дыяметраў само сэрца горада было амаль цалкам ператворана ў транспартную развязку ў некалькіх узроўнях, як наземных, так і падземных, у сувязі з чым грунтоўна знішчана архітэктурная спадчына на паверхні зямлі і археалагічная — у культурным пласце[2].
|
Portal di Ensiklopedia Dunia