Царква ў гонар Усіх Святых (Дольная Рута)
Царква ў гонар Усіх Святых — праваслаўны храм у вёсцы Дольная Рута Карэліцкага раёна. Будаўніцтва царквы завершана ў 1935 годзе. АрхітэктураЦарква з’яўляецца яркім прыкладам удалай стылізацыі візантыйскіх форм і рацыянальнага выкарыстання якасцей новых матэрыялаў. Тут канструктыўная логіка правобраза стала асновай прасторавай кампазіцыі. У той жа час мастацкі вобраз храма сфарміраваны з дапамогаю чыстых плоскасных аб’ёмаў, якія ствараюць дынамічную ўзаемасувязь асобных проста чытаемых форм. Аднанефавая, зальнага тыпу бажніца перакрытая вальмавай страхою з цыбулепадобным шматгранным купалам на васьмерыку. Над бабінцам — аднаярусная званіца з шатровым завяршэннем, упрытык да якога прыстаўленыя яшчэ чатыры дэкаратыўныя купалкі-макаўкі. Такая трактоўка артадаксальнай «пяцікупальнасці», перанесенай з асноўнага аб’ёму на званіцу, зусім не традыцыйная. Аднак руплівая прапрацоўка пучка макавак рэзка кантрастуе з простымі кубічнымі аб’ёмамі ўсяе царквы, ствараючы сваеасаблівы кантрапунктны рытм, прымушаючы прастору гусцець, расцягвацца, дрыжаць, ствараючы іерархічную сістэму фокусаў і субдамінантаў. Да бабінца прымкнуты двухкалонны, з выгляду мініяцюрны порцік, які падкрэслівае галоўны ўваход у храм. Шырока вынесеныя прыступкі лесвіцы, моцна вынесены порцік ствараюць самастойны модуль, пранікаючы ў навакольнае асяроддзе. Пры жорсткай ўзаемасувязі элементаў будынка тут прасочваецца памкненне да «ўцягвання» ў іх знешняй прасторы. Сцены царквы Усіх Святых прарэзаныя высокімі і шырокімі аконнымі праёмамі (першапачаткова прамавугольнымі) у асноўным аб’ёме і некалькі меншымі ў сценах бабінца. Шырокія паўкруглыя праёмы пяцігаловай званіцы падкрэсліваюць не толькі яе лёгкасць, якая проціпастаўляецца ўсяму будынку, але і яе абсалютнае дамінаванне ў абліччы царквы. Царква ў Дольнай Руце — характэрны помнік культавага дойлідства, які спалучае ў сабе традыцыйныя уяўленні і новую пластычную мову канструктывізму. Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia