Царкоўнапрыходская школа

Вучні прыходскай школы
Якуція, канец XIX — пачатак XX стагоддзя

Царкоўнапрыхо́дскія школы — пачатковыя школы ў Расійскай імперыі пры царкоўных прыходах, знаходзіліся ў распараджэнні духоўнага ведамства, Свяцейшага правячага сінода.

У аднакласных царкоўнапрыходскіх школах вывучаліся Закон Божы, царкоўныя спевы, пісьмо, арыфметыка, чытанне. У двухкласных школах, апроч за тое, вывучалася гісторыя.

Другім асноўным тыпам пачатковых школ былі прыходскія вучылішчы[1].

Гісторыя

Сістэма адукацыі ў Расійскай імперыі істотна змянілася пасля школьнай рэформы 1804 года. Тады паявіліся першыя прыходскія вучылішчы[2].

У 1870-х гадах Міністэрства народнай асветы Расійскай імперыі фактычна падпарадкавала царкоўныя школы свайму адміністратыўнаму кіраванню[1].

13 чэрвеня 1884 года зацверджаны ўказ «Правілы аб царкоўнапрыходскіх школах», па якім ствараліся аднакласныя (двухгадовыя) і двухкласныя (чатырохгадовыя, з пач. XX ст. — трохгадовыя) царкоўнапрыходскія школы[3]. У аднакласных вывучалі Закон Божы, царкоўныя спевы, пісьмо, арыфметыку, чытанне. У двухкласных школах, апроч за тое, вывучаліся гісторыя і царкоўнаславянская мова. Для кіравання царкоўнапрыходскімі школамі быў створаны Вучылішчны савет пры Свяцейшым Сінодзе, а на месцах — епархіяльныя вучылішчныя саветы з павятовымі аддзеламі; з'явіліся пасады назіральнікаў за школамі — у цэнтры (пры сінадальным Вучылішчным савеце) і па епархіях[4]. У 1896 годзе было зацверджана «Палажэнне аб кіраванні школамі царкоўнапрыходскімі і граматы». З гэтага года фінансаванне царкоўнапрыходскіх школ фактычна ўзяла на сябе казна, адпускаючы на іх праз Св. Сінод мнагамільённыя сумы (на 1896 год — 3 279 205 руб., з іх на ўтрыманне 63-х епархіяльных назіральнікаў — 141 500 руб.)[5]. Пры гэтым аклад епархіяльнага назіральніка складаў 2000 руб./год, а настаўніка — 120 руб./год[6].

Навучанне ажыццяўлялі свяшчэннікі, дыяканы і псаломшчыкі, а таксама настаўнікі і настаўніцы, якія скончылі пераважна царкоўна-настаўніцкія школы і епархіяльныя вучылішчы, радзей — настаўніцкія семінарыі[4].

Рашэннем Часовага ўраду ад 20 чэрвеня 1917 года амаль усе царкоўнапрыходскія школы былі перададзеныя ад Свяцейшага сінода да Міністэрства народнай асветы. Перадаць прадугледжвалася ўсе пачатковыя школы, уключаныя ў т. зв. школьную сетку з атрыманнем дапамогі ад казны, а таксама навучальныя ўстановы, што рыхтавалі настаўнікаў для іх. Гэта азначала фактычнае знішчэнне сістэмы царкоўных школ, так як адбываліся іх рэквізіцыі разам з будынкамі і бібліятэкамі[7]. Пасля 1917 года царкоўная школа была канчаткова ліквідаваная пастанаўленнем Савета народных камісараў ад 24 снежня 1917 года «Аб перадачы справы выхавання і адукацыі ад духоўнага ведамства ў распараджэнне народнага камісарыята па асвеце».

Зноскі

Літаратура

Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya