Цемраборцы — настольная калекцыйная картачная гульня (таксама пазіцыянуецца аўтарамі як стратэгічная картачная гульня) у сэтынгу славянскай міфалогіі, выйшла ў 2015 годзе ў выдавецтве настольных гульняў «Сквирл» накладам 1000 асобнікаў. Аўтары гульні — Ілля Бутаў і Міхаіл Пятроўскі з Беларусі. Гэта першая беларуская гульня ў жанры калекцыйных картачных гульняў (ККГ). Сродкі на выданне былі сабраны пры дапамозе краўдфандынгавай пляцоўкі ulej.by[1] (на цяперашні час ужо не існуе). Ілюстрацыі да настольнай гульні зрабілі Яўгенія Шарафетдзінава, Анастасія Мелех і Наталля Юрча. Паводле даных сайта «Тесера», найбуйнейшага ў Рунэце СМІ пра настольныя гульні, сярэдняя адзнака гульні складае 5.90[2].
У «Цемраборцах» гулец ўкладае сваю калоду з 41 карты аднаго з трох тыпаў персанажаў — Царквы, Цёмных чараўнікоў і Дзяцей лесу. Гульца ўвасабляе Валадар (Павераны Царквы, Спрактыкаваны чараўнік і Гаспадар лесу адпаведна), які мае 20 пунктаў жыцця. У працэсе гульнявой партыі, у залежнасці ад умоў, якія складаюцца на стале, кожны гулец можа вывесці аднаго з трох Намеснікаў, здольнасці якіх уплываюць на ўсіх істот адпаведнай фракцыі
Гісторыя стварэння
Гульня стваралася з 2006 года высілкамі прыкладна дзесяці чалавек (акрамя стваральнікаў, ілюстратараў і гейм-дызайнераў працавалі яшчэ і кансультанты-фалькларысты)[3]. Сюжэт гульні грунтуецца на народных паданнях, міфах і легендах Беларусі, а таксама суседніх з ёй краін (Расіі, краін Балтыі, Украіны і Польшчы). Шматлікія экспедыцыі, праведзеныя адным са стваральнікаў гульні, дазволілі сабраць багаты матэрыял, які датычыцца, у тым ліку, і містычным абрадам нашых продкаў, паганскім традыцыям, фальклору і сакральнай геаграфіі. У аснову гульнявой механікі пакладзены асаблівасці калекцыйных картачных гульняў, якія былі папулярнымі на пачатку двухтысячных гадоў.
Першыя партыі ў гульню «Цемраборцы» на фестывалі «Менескон-2008».
Упершыню прататып гульні быў прадстаўлены распрацоўнікамі на штогадовым усебеларускім ролевым канвенце «Менескон» (Мінск, 5-6 красавіка 2008). На працягу двух дзён любы ахвочы мог азнаёміцца з прататыпам гульні ў секцыі настольных гульняў фестывалю. Дзякуючы атрыманым водгукам пэўныя механікі былі скарэкціраваны.
У чэрвені 2015 года фінальная версія гульні была прадстаўлена на першай у Беларусі канферэнцыі распрацоўшчыкаў настольных гульняў — «Игроштурм», а ў кастрычніку таго ж года — на фестывалі «Игрокуб» у Гродне. Тады ж пра планаваны выхад новай настольнай гульні напісалі выданні «Анлайнер»[4], Vogs.by[5], Naviny.by[6] і інш.
Выступленне на фестывалі «Іграштурм» у 2015 годзе
1 чэрвеня 2015 года ў мінскай кнігарні «Презентация» адбылася прэзентацыя першага рамана Іллі Бутава, дзеянне якога адбывалася ў сусвеце гульні — «Мракоборец»[7]. Там жа было абвешчана пра старт краўдфандынгавай кампаніі на пляцоўцы ulej.by. У чэрвені стваральнікі пляцоўкі адзначылі гульню як «сучасную, разумную, але ў той жа час самабытную гульню з нацыянальным каларытам»[8]. Тады ж праект «Цемраборцы» трапіў ў тройку найлепшых з ліку тых, што былі прадстаўлены на пляцоўцы[8]. У ліпені 2015 года праект сабраў неабходнае фінансаванне[9]. У снежні 2015 года гульню выдала выдавецтва настольных гульняў «Сквирл».
У красавіку 2016 года прэзентацыя настольнай гульні адбылася ў гродзенскім клубе «Партал»[10].
Паводле аглядальніка Арцёма Платонава, галоўны плюс «Цемраборцаў» заключаецца ў тым, што «яна з’яўляецца айчынным Magic: The Gathering з адпаведна больш нізкім коштам і родным бэкграўндам». Сярод мінусаў ён адзначыў матэрыял каробкі, сухое выкладанне правіл і дробны шрыфт на картах[11]. Іншымі аглядальнікамі адзначалася, што «Цемраборцы» спадабаюцца тым гульцам, якія любяць беларускія народныя казкі, легенды і гісторыю. За мінус яны вылучалі тое, што базавая мова гульні руская. Таксама былі адзначаны ілюстрацыі гульні, выкананыя ў вельмі самабытнай манеры і якасць друку[12]. Аглядальнік Павел Максімаў (MaxiPavel) адзначае добры матэрыял каробкі, выразныя правілы, але дробны шрыфт і неабходнасць выкарыстання пратэктараў для карт[13]. Сама гульня, як адзначаецца, развівае лагічнае і стратэгічнае мысленне[14].
У будучыя сэты планавалася дадаць новыя фракцыі і механікі бою[3]. Быў запланаваны таксама пераклад гульні на беларускую мову[6]. Прапаноўваліся нават назвы «Змроказмагары», «Цемразмагары», «Змрокагубцы», «Цемралупцы», «Злыднедаўцы» і інш. Аднак у публікацыi на беларускай мове фігураваў толькі адзін варыянт — «Цемраборцы»[3]. У чэрвені 2016 года пачаўся пошук валанцёраў для перакладу гульні[15].
З 10 снежня 2019 па 31 мая 2020 года Ілля Бутаў і Уладзіслаў Маркевіч пры падтрымцы партала Author.today праводзілі конкурс кароткіх літаратурных твораў, якія адбываюцца ў сусвеце гульні «Цемраборцы»[16].
У верасні 2024 года на мінскам канвенце Unicon анансавана анлайн-ККГ з аўтарскімі ілюстрацыямі «Цяжар Валадара» (The Load of the Lord), створаная на падставе настольнай гульні «Цемраборцы»[17][18]. Дапрацаваная версія гульні таксама дэманстравалася на выставе «Цёмныя матэрыі», якая прайшла ў Мінску 8–9 сакавіка 2025 года[19].
Агульныя правілы і асаблівасці механікі
Правілы рэгламентуюць гульнявую партыю паміж двума гульцамі, але ў якасці эксперыменту ёсць магчымасць праводзіць гульнявыя партыі і з большай колькасцю ўдзельнікаў. Улічваючы колькасць існуючых стартавых фракцый, можна згуляць утраіх. Прыемным дадаткам да ўкладання калоды з’яўляецца магчымасць пакласці ў яе карты іншых фракцый (а карт у гульні, калі не ўлічваць Валадароў і Намеснікаў, усяго 111, што дае магчымасці складаць розныя камбінацыі нават са стартавым наборам). За карты з іншай фракцыі прадугледжаны штрафы ў выглядзе павелічэння кошту карты, якое можна нівеліраваць у працэсе гульні, карыстаючыся механікай зніжэння кошту. Адной з ключавых асаблівасцяў гульні з’яўляецца механіка змены пары сутак (дзень/ноч), падчас якой некаторыя істоты мацнеюць.
Фракцыі
Царква — адна з асноўных фракцый у гульні. Яна складаецца з людзей, якія валодаюць рознымі характарыстыкамі (святароў, воінаў, рыцараў і гандляроў). На чале стаіць Валадар (Павераны Царквы), а тры Намеснікі строга выконваюць усе ягоныя прадпісанні. Тып уздзеяння — аўры.
Цёмныя чараўнікі — гэтую фракцыю ў большасці сваёй складае нежыць, духі і дэманічныя стварэнні Іншасвету, а таксама людзі са звышнатуральнымі здольнасцямі. Галоўнымі перавагамі прадстаўнікоў гэтай фракцыі з’яўляецца раптоўнасць нападу, танны міфрыльны кошт і шматлікія прэміі, якія яны атрымліваюць у цёмную пару сутак. Тып уздзеяння — вядзьмарства.
Дзеці лесу — фракцыя, якая насяляе лясы і балоты (галоўным чынам за ракой Хронус) і якую складаюць пачвары, духі, нежыць і людзі са звышнатуральнымі здольнасцямі. Знахары Дзяцей лесу супрацьстаяць ворагам з дапамогай сілы, якая таіцца ў розных раслінах (вясёлкавы мох, разрыў-трава, месяцовы лісахвост і інш.), прадметах і некаторых лясных аб’ектах, якія акумулююць энергію астралу (ведзьміна кола). Тып уздзеяння — расліны.
Падгорны народзец — фракцыя, якая засяляе горы, перадгор’і і азёрныя выспы Поўначы, яна не ўвайшла ў асноўны стартавы набор і была запланавана на наступныя перавыданні. На некаторых картах настольнай версіі можна сустрэць згадкі пра механізмы, якіх не было ў стартавым наборы, але якія, як абяцаюць аўтары, з’явяцца ў далейшых сэтах[20].
Тыпы істот
Чалавек — тып карты, які ў асноўным належыць Царкве. Таксама карты гэтага тыпу сустракаюцца ў Цёмных чараўнікоў (ведзьма, вядзьмак, двудушнік) і Дзяцей лесу (траўніца, ваўчыны пастыр і інш.).
Істота — з’яўляецца тыпам карты фракцыі Царквы, Цёмных чараўнікоў і Дзяцей лесу. Самая шматлікая разнавіднасць карт у гульні.
Легендарная істота — нешматлікі тып карт (у калодзе можа быць усяго па адной карце кожнай з такіх істот, характэрных для пэўнай фракцыі), як правіла, з больш высокім коштам, і якая патрабуе больш міфрылу на падтрыманне (4 адзінкі).
Воін — тып істот фракцыі Царквы. Практычна ўсе баявыя персанажы гэтай фракцыі з’яўляюцца воінамі, за выключэннем святароў.
Рыцар — тып істот фракцыі Царквы. Адзін з наймагутных воінаў, як правіла, цяжкаўзброены і ў даспехах. Не можа выкарыстоўваць аўры.
Святар — тып істот фракцыі Царквы. Можа выкарыстоўваць аўры. Святары імкнуцца выкарыстоўваць аўры на карысць — павышаючы баявы дух і іншыя паказчыкі гандляроў і воінаў. Адзін святар патрабуецца для падтрымання адной аўры.
Гандляр — тып істот фракцыі Царквы. На іхніх плячах ляжыць забеспячэнне войск міфрылам і яго пераразмеркаванне на месцы. Гандляры прыносяць у скарбніцу дадатковы міфрыл, а таксама памяншаюць міфрыльны кошт розных істот.
Знахар — тып істот фракцыі Дзяцей лесу. Дзякуючы чароўным раслінам, што растуць у лесе, знахары ствараюць дзейсныя адвары, якія замяняюць ім вядзьмарскія ці аўрычныя здольнасці. Адзін знахар патрабуецца для падтрымання адной расліны.
Пачвара — тып істот фракцыі Дзяцей лесу. Асабліва страшныя легендарныя пачвары (Звер-Індр, Хавала і Воўк-Самаглот).
Чараўнік — тып істот фракцыі Цёмныя чараўнікі. Чараўнікамі могуць быць і людзі, і нежыць, — галоўнае, каб яны мелі прыроджаныя здольнасці. Вядзьмарства можна згуляць толькі тады, калі на стале ёсць як мінімум адзін з прыязных чараўнікоў.
Нежыць — тып істот фракцыі Цёмныя чараўнікі. З’яўляюцца спрадвечнымі жыхарамі Іншасвету. Як правіла, маюць прэмію за цёмную пару сутак, то-бок, атрымлівае дадатковыя ўменні ўначы.
Рудакоп — тып істот фракцыі Цёмныя чараўнікі. Здабываюць і павялічваюць міфрыл, тым самым дазваляюць значна павялічваць колькасць чараўнікоў і нежыці ў гульні.
Уздзеянні
У гульні ёсць тры тыпу ўздзеянняў — аўры, вядзьмарства і расліны, на некаторых картах згадваецца чацвёрты тып уздзеянняў — механізмы, якія, як абяцалі аўтары, з’явяцца ў наступных сэтах[20].
Аўры — тып уздзеянняў фракцыі Царквы. Усяго ў гульні 4 аўры: Святы гонар, Святая ахова, Святы дух, Святая казна. Аўры дазваляюць атрымліваць дадатковы міфрыл, памяншаць міфрыльны кошт, эканоміць міфрыл на ўтрыманне істот або ўзмацняць дружалюбныя войскі (людзей або святароў). Для падтрымання карт падобнага тыпу патрабуецца прысутнасць у гульні прыязных святароў.
Вядзьмарства — тып карты ўздзеянняў Цёмных чараўнікоў. Складаецца з розных замоваў, заклёнаў, якія выкарыстоўваюць для атакі (магічны ўдар, адплата мерцвякоў), яны прыносяць міфрыл (скарб мерцвяка), робяць ход начным (зацьменне), робяць лятучых істот неадчувальнымі для блакіроўкі (туман), дазваляюць браць пад кантроль (абарачэнне), а таксама ўваскрашаюць і вяртаюць ужо выкарыстаныя карты вядзьмарства (падняць мерцвяка, разрытыя магілы). Для падтрымання карт падобнага тыпу патрабуецца прысутнасць у гульні як мінімум аднаго чараўніка.
Расліны — тып карты ўздзеянняў Дзяцей лесу. Некаторыя расліны дазваляюць вяртаць карты аналагічнага тыпу з Іншасвету (разрыў-трава), узмацняць, рэгенерыраваць пачвар або выкарыстоўваць іх за ніжэйшую цану (барвінак, вясёлкавы мох, месяцовы лісахвост, ведзьміна кола), лячыць дружалюбных істот (трыпутнік), разгортваць расліны (дух дрэваў), а таксама прыносіць міфрыл або зніжаць міфрыльны кошт некаторых істот (папараць-кветка). Для падтрымання карт падобнага тыпу патрабуецца прысутнасць у гульні як мінімум аднаго знахара.
Механізмы — запланаваны на будучыню тып карты ўздзеянняў фракцыі Падгорны народзец. У стартавых наборах прадстаўлены не быў, аднак згадваецца на некаторых картах (напрыклад, на карце Звер-Індр, Кошкалачэнь і інш.).
Стартавыя наборы
Карты істот і ўздзеянняў укладаюць гульнявую калоду (37 карт). Усяго для гульні былі створаны 114 розных персанажаў. У гульні, якая выйшла ў 2015 годзе, прапаноўвалася выкарыстоўваць ужо састаўленыя стартавыя наборы з наступным складам (Валадар, 3 Намеснікі і 41 карта істот):
У стартавыя наборы ўвайшлі не ўсе персанажы, апісанні і ілюстрацыі якіх прадстаўлены на сайце праекту.
Сюжэт
Сцісла перадгісторыя сюжэту была апісана на каробцы з настольнай гульнёй «Цемраборцы». Там сказана, што Уладаром гэтай краіны называюць Вялікага Чараўніка Срэбнай Вежы, якому вядомыя шляхі ўсяго жывога, будучыня і мінуўшчыня гэтага свету. Аднак з пэўнага часу ён перастаў цікавіцца справамі сваёй дзяржавы і паглыбіўся ў вывучэнне «вялікіх таямніц». Неўзабаве страх і жах апанавалі сэрцы ягоных падданых. Старыя звады і крыўды розных народаў сталі разгарацца з новай сілай. Вайна крывавымі хвалямі пранеслася па некалі цудоўнай краіне. Гэтыя падзеі таксама падрабязна апісаны ў рамане Іллі Бутава «И нет дорог в город тени»[21].
Літаратурныя серыі
Карта часткі свету, апісанай у раманах.
Цемраборцы — адна з нямногіх калекцыйных картачных настольных гульняў, якія маюць уласную літаратурную серыю[22].
У 2015 годзе адначасова з выхадам гэтай ККГ ў мінскім выдавецтве «Рэгістр» выйшаў першы раман Іллі Бутава па сусвеце настольнай гульні — «Мракоборец» (ISBN 978-985-7097-22-7). Галоўны герой рамана — вандроўны манах. Дзеянне рамана адбываецца адразу пасля падзей, апісаных на каробцы з настольнай гульнёй (персанажы кнігі ўжо ведаюць іх). З 2020 года мінскае выдавецтва «Р. М. Цымбераў» выпусціла шэраг кніг з серыі «Сказки мракоборцев» аўтарства Іллі Бутава з ілюстрацыямі Ганны Кулцінай. Выдавецтва «Вече» запусціла серыю «Бремя Владыки», у якой у 2024 годзе выйшла першая кніга цыкла — «И нет дорог в город тени» з ілюстрацыямі Ганны Пенкінай.
У студзені 2019 года У. Ю. Маркевіч з Інстытута інфармацыйных тэхналогій БДУІР абараніў дыпломны праект, у якім перавёў настольную гульню ў лічбавы від на базе платформы Unity 3D[24]. Мэтай праекта была распрацоўка новай канкурэнтаздольнай лічбавай калекцыйнай картачнай гульні на базе міфалогіі і культуры Беларусі. Пазней гэтыя напрацоўкі ляглі ў аснову магістарскай дысертацыі У. Ю. Маркевіча[25]. У 2021 годзе Г. Кулціна абараніла на базе ДУА МА «Дзяржаўны сацыяльна-гуманітарны універсітэт» (г. Каломна) дыпломны праект, прысвечаны стварэнню ілюстрацый да казак па сусвеце настольнай гульні «Цемраборцы»[21][26]. Настольная гульня «Цемраборцы» згадваецца ў артыкуле Я. Я. Шалайкі пра трансфармацыю міфа ў сучаснай беларускай культуры як прыклад адраджэння цікавасці да міфалогіі і паганства[27]. На IV Міжнародным форуме даследчыкаў беларускай казкі і міфалогіі (Мінск, 15—17 мая 2025) быў прадстаўлены даклад Ільі Бутава «Беларуская аўтарская казка ў стылі фэнтэзі», які быў прысвечаны легендарыуму кніжнага цыкла «Сказки мракоборцев»[28].
↑Маркевич, В. Ю. Историко-стратегическое игровое приложение «Мракоборцы» на базе платформы Unity 3D / В. Ю. Маркевич // Информационные системы и технологии: материалы 55-й юбилейной научной конференции аспирантов, магистрантов и студентов, Минск, 22 — 26 апреля 2019 г. / Белорусский государственный университет информатики и радиоэлектроники. — Минск: БГУИР, 2019. — С. 98-99.
↑Шалайко, Я. Е.Трансформация мифа в современной белорусской культуре // Материалы XXIII Международной науч.-техн. конференции «Новые информационные технологии в телекоммуникациях и почтовой связи» (Минск, 16–17 мая 2023 года). Минск: Белорусская государственная академия связи, 2023. : зборнік. — С. 219–220.