Электраапаратура (завод)
ААТ «Гомельскі завод „Электраапаратура“» — беларускае электратэхнічнае прадпрыемства, размешчанае ў Гомелі. ГісторыяУ 1946 годзе ў Гомелі была заснавана арцель прамысловай кааперацыі «Штамп», якая выпускала электрапрыборы. У 1956 годзе ператворана ў завод металабытавых вырабаў, у 1958 годзе перайменаваны ў завод «Электраапаратура»[2]. З 1957 года спецыялізуецца на выпуску нізкавольтнай апаратуры[3]. У 1965 годзе завод перададзены ад ліквідаванага Савета народнай гаспадаркі БССР у падпарадкаванне Галоўнага ўпраўлення па вытворчасці нізкавольтнай апаратуры «Галоўэлектраапарат» Міністэрства электратэхнічнай прамысловасці СССР. У 1975—1984 гадах — у падпарадкаванні Усесаюзнага прамысловага аб’яднання па вытворчасці нізкавольтнай апаратуры «Союзэлектроаппарат» таго ж міністэрства, у 1984 годзе перададзена ў склад Усесаюзнага прамысловага аб’яднання па вытворчасці сілавых пераўтваральных прылад і нізкавольтнай апаратуры «Союзпреобразователь» таго ж міністэрства[4]. У 1980 годзе праведзена рэканструкцыя завода. У 1990-я гады прадпрыемства пераўтворана ў рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства, у 2002 годзе — у адкрытае акцыянернае таварыства. У 2000-я гады завод асвоіў вытворчасць смажыльных шаф, газавых і электрычных пліт і ўбудаванай тэхнікі[3]. Сучасны станПрадпрыемства выпускае нізкавольтную апаратуру (кантактары КНЕ, КМЕ, КНЕ-УБ, пускальнікі ПМ12-010, ПМ12-040, ПМ15-063, ПМЛ 2000, рэле і камплектуючыя), а таксама бытавую тэхніку пад брэндам «Cezaris»: газавыя пліты, электрычныя пліты, газаэлектрычныя пліты, убудавальную тэхніку, настольныя пліткі, смажыльныя шафы[5][6]. Станам на 2019 год 62,71% акцый знаходзілася ў рэспубліканскай уласнасці. За 2019 год выручка завода ад рэалізацыі прадукцыі склала 13,6 млн рублёў (каля 6,5 млн долраў), чыстая страта склала 131 тыс. рублёў (каля 60 тыс. долараў). 21,5% выручкі быў атрыманы ад рэалізацыі электрычнай бытавой тэхнікі, 58,8% — ад рэалізацыі неэлектрычнай бытавой тэхнікі. На прадпрыемстве працаваў 461 супрацоўнік[7]. Крыніцы
Спасылкі |
Portal di Ensiklopedia Dunia