Юзаф Яжоўскі
Юзаф Яжоўскі (каля 1793 — 16 жніўня 1855) — філолаг, філосаф, удзельнік вызваленчага руху ў Беларусі і Літве ў пачатку XIX ст. БіяграфіяМагчыма, паходзіў са шляхецкай сям’і з Васількаўскага павета Кіеўскай губерні. Скончыў базыльянскую школу ў Умані (1815), вучыўся ў Віленскім універсітэце. Займаўся філасофіяй і філалогіяй, асновай яго светапогляду стала філасофія Імануіла Канта. У час вучобы адзін з заснавальнікаў і прэзідэнт (1817—1823) таварыства філаматаў. Дапрацаваў прапанаваны Адама Міцкевічам і Тамаша Занам праект статута філаматычнай суполкі, які і быў прыняты. Імкнуўся да канспіратыўнага існавання таварыства, быў зацікаўлены ў яго аўтаноміі ад масонства. Займаўся ўдасканаленнем арганізацыйнай структуры філаматычнага руху, выступаў на пасяджэннях з навуковымі паведамленнямі і перакладамі з твораў старажытных аўтараў. Даказваў неабходнасць эфектыўнай, прадукцыйнай дзейнасці моладзі з мэтай сацыяльна-эканамічнага росквіту роднага краю, ставіў задачу выхавання ўсебакова развітой асобы, высокай грамадзянскасці і патрыятызму. Лічыў патрэбным абмежаванне цікавасці да рэлігіі ў час станаўлення і дзейнасці моладзевых таварыстваў, таму што яна стрымлівае інтэлектуальныя пошукі моладзі. Склаў статут «Пятнаццаць правіл паводзін для моладзі, якая належыць Таварыству сяброў карыснай забавы», перапрацаваў статут літаратурнага таварыства і дамогся ягонага пераходу пад кіраўніцтва філаматаў. Падтрымаў ідэю Зана пра арганізацыю таварыства натуралістаў дзеля вывучэння прыродных багаццяў краю і іхняга выкарыстання. Асаблівую ўвагу звяртаў на неабходнасць распрацоўкі адмысловай праграмы жаночага выхавання. Прыцягнуты да следства і арыштаваны паводле справы таварыства філаматаў, дзейнасць якога трактаваў пераважна як навуковую, імкнуўся аблегчыць лёс удзельнікаў таварыства. 24 кастрычніка 1824 вымушаны выехаць у Расію, працаваў настаўнікам ліцэя ў Адэсе. З ліпеня 1825 года ў Маскве, настаўнік класічных моў у гімназіі, выкладчык грэчаскай мовы ва ўніверсітэце. Займаўся навуковай працай, выдаў у Маскве кнігі «Шэсць песняў „Адысеі“ Гамера» (1828, на лацінскай мове) і «Аб развіцці філалагічных даследаванняў пісьмаў Платона» (1829). У пачатку 1841 года вярнуўся ва Украіну, працаваў хатнім настаўнікам. Крыніцы
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia