Xbox Series X and Series S
Xbox Series X/S — гэта гульнявыя прыстаўкі чацвёртага пакалення серыі Xbox распрацаваныя кампаніяй Microsoft. Рэліз абедзвюх прыставак адбыўся 10 лістапада 2020 года. Xbox Series X/S адносяцца да дзявятага пакалення гульнявых прыставак.[2] Чуткі адносна новых прыставак, якія замянілі б Xbox One, упершыню з’явіліся ў інтэрнэце на пачатку 2019 года. Лінейка прыставак мела кодавую назву «Scarlett» і складалася з мадэляў высокага і нізкага класаў пад кодавымі назвамі «Anaconda» і «Lockhart» адпаведна. Мадэль «Anaconda» была анансавана Microsoft падчас E3 2019 і была афіцыйна прадстаўлена падчас The Game Awards у снежні 2019 года пад назвай Xbox Series X. 8 верасня 2020 года Microsoft паказалі таннейшую мадэль Xbox Series S (былы праект «Lockhart»). Як і ў Xbox One, новыя кансолі выкарыстоўваюць працэсар і графічную карту ад фірмы AMD. Абедзве мадэлі маюць новую архітэктуру захоўвання даных, заснаваную на цвёрдацельных накапляльніках (SSD) для скарачэння часу загрузкі, падтрымку апаратна-паскоранай трасіроўкі прамянёў і прасторавага аўдыя, магчымасць выкарыстання высокадынамічнага рэндэрынгу ў гульнях з дапамогай машыннага навучання (Auto HDR), падтрымку рэжымаў HDMI 2.1 з пераменнай частатой абнаўлення і нізкай затрымкай, а таксама абноўленыя кантролеры. Xbox Series X была распрацаваная для адлюстравання гульняў у 2160p (раздзяляльнасць 4K) з частатой 60 кадраў у секунду (FPS). Xbox Series S мае паменшаныя тэхнічныя характарыстыкі: ў ёй адсутнічае аптычны прывад, падтрымліваецца візуалізацыя гульняў толькі у 1440p пры 120 FPS з маштабаваннем відэа ў 4K і трасіроўкай прамянёў. Прыстаўкі Xbox Series X/S зваротна сумяшчальныя практычна з усімі гульнямі і аксэсуарамі Xbox One (уключаючы арыгінальныя гульні для Xbox 360 і Xbox, якія былі зроблены зваротна сумяшчальнымі з Xbox One). Яны маюць магчымасць аўтаматычна павялічваць прадукцыйнасць і візуальны выгляд гульняў. Пры выпуску новых прыставак Microsoft заахвочвала «мяккі» пераход паміж пакаленнямі, падобны да гульняў для камп’ютараў, прапаноўваючы структуру «Smart Delivery», якая дазваляла выдаўцам выпускаць палепшаныя версіі сваіх гульняў для Xbox One з аптымізацыяй для Xbox Series X/S. Выдаўцы не абавязаны выкарыстоўваць Smart Delivery і могуць публікаваць гульні эксклюзіўна для Xbox Series X/S, калі яны гэтага захочуць. Такія распрацоўшчыкі як EA, не выкарыстоўваюць Smart Delivery бо аддаюць большую перавагу продажу асобных версій для Xbox One і Xbox Series X/S. Xbox Series X/S атрымалі пахвалу ад крытыкаў за апаратныя характарыстыкі ў параўнанні з Xbox One і за намаганні Microsoft падтрымліваць выпуск гульняў на новым і старым пакаленнях. Аднак у той жа час крытыкі лічылі, што гульні, даступныя на момант запуску, не на сто працэнтаў выкарыстоўваюць апаратныя магчымасці кансоляў. Microsoft афіцыйна не публікавала звесткі пра продажы кансоляў, але 27 ліпеня 2021 года прадстаўнікі Microsoft абвясцілі, што на той момант гэта былі самыя хутка прадаваныя мадэлі Xbox. Станам на чэрвень 2024 года па ўсім свеце было прададзена больш за 28 мільёнаў прыставак Xbox Series X/S.[3] Крыніцы
|
Portal di Ensiklopedia Dunia