Аляксандр Якаўлевіч Хамянтоўскі
Аляксандр Якаўлевіч Хамянтоўскі (польск.: Aleksandr Chomąntowski; 1858, Магілёўскі павет, Магілёўская губерня — 25 студзеня 1917, Магілёўская губерня[1]) — польскі землеўладальнік і палітык, дэпутат Дзяржаўнай думы Расійскай імперыі І склікання ад Магілёўскай губерні. БіяграфіяНалежаў да польскага шляхецкага роду Хамянтоўскіх. Валодаў маёнткам Крывое ў Магілёўскім павеце Магілёўскай губерні. Скончыў Віцебскую гімназію і фізіка-матэматычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. Быў ганаровым міравым суддзём у Магілёўскай губерні[2]. Удзельнік устаноўчага з’езда Канстытуцыйна-дэмакратычнай партыі народнай свабоды 12-18 кастрычніка 1905 года ў Маскве. Удзельнік нарад ЦК кадэцкай партыі ў лістападзе 1905 года ў Маскве. Са снежня 1905 г. адзін з кіраўнікоў Магілёўскага губернскага камітэта партыі[3], а таксама кіраўнік партыйнай групы ў Талочыне[2]. 27 сакавіка 1906 г. абраны ў Дзяржаўную думу Расійскай імперыі I склікання ад агульнага складу выбаршчыкаў Магілёўскага губернскага выбарчага сходу. Быў адзіным дваранінам-землеўладальнікам, які прайшоў у Дзяржаўную думу I склікання ад Магілёўскай губерні. Уваходзіў у Канстытуцыйна-дэмакратычную фракцыю. Падпісаў законапраект «Аб грамадзянскай роўнасці» і законапраект «Аб змене артыкулаў 55-57 Устанаўлення Дзяржаўнай думы». Удзельнік камітэтаў аб патрэбах сельскагаспадарчай прамысловасці і па пераўтварэнні сялянскіх законапалажэнняў. У канцы мая 1906 г., як член Думы ад Магілёўскай губерні, накіраваў магілёўскаму губернатару Д. Ф. Гагману тэлеграму з папярэджаннем аб падрыхтоўцы яўрэйскага пагрому ў Гомель[4]. Паводле сваіх поглядаў на той час час набліжаўся да ліберальна-дэмакратычнай плыні руху краёўцаў[3]. 9 (22) ліпеня 1906 г. пасля разгону І Дзяржаўнай думы разам з шэрагам іншых дэпутатаў падпісаў у знак пратэсту «Выбаргскую адозву», у якой грамадства заклікалася да пасіўнага супраціўлення царскай уладзе (адмова ад выплаты падаткаў, выканання вайсковай павіннасці)[2]. За гэта быў асуджаны да 3 месяцаў турмы і пазбаўлены права быць абраным у прадстаўнічыя органы ўлады[2]. У 1909 годзе па-ранейшаму ўваходзіў у Магілёўскі губернскі камітэт канстытуцыйна-дэмакратычнай партыі[2]. Памёр 25 студзеня 1917 г. у сваім маёнтку Крывое Магілёўскай губерні, пахаваны ў магільным склепе радавога маёнтка Халепянка[1]. Крыніцы
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia