Святы́ Хрыстафо́р (Крыштоф, Крыштаф) — святы мучанік, ушанаваны заходняй каталіцкай і праваслаўнай цэрквамі. Імя да хрышчэння — Рэпрэў.
Жыў у 3 стагоддзі і пацярпеў за распаўсюджванне хрысціянства ў Лікіі каля 250 года, пры рымскім імператары Дэцыі Траяне (249—251). Паводле падання быў высокага росту, незвычайнай сілы і з зверападобным тварам. На абразах і фрэсках паказваўся з ваўчынай або сабачай галавой. Імя (даслоўна перакладаецца як «Хрыстаносец») і іканаграфія, якая паказвае Хрыстафора волатам з немаўлём на плячы, матывуецца адной з легенд. Паводле яе, волат неймавернай сілы згодзен быў служыць самаму магутнаму зямному ўладару, але не мог знайсці годнага. Пасяліўшыся на беразе ракі, на плячах пераносіў падарожнікаў на іншы бераг. Аднойчы яго папрасіў перанесці праз раку маленькі хлопчык. Пасярод ракі хлопчык зрабіўся такім цяжкім, што Хрыстафор спалохаўся, як бы яны абодва не патанулі. Хлопчык сказаў яму, што ён — Хрыстос і нясе з сабою ўвесь цяжар свету.
Дзень памяці мучаніка Хрыстафора ў праваслаўным календары 9 (22) мая, у каталіцкім календары 24 ліпеня (Германія, Літва), 25 ліпеня (Італія), у евангелічным — 24 ліпеня. Асабліва паважаецца ў Іспаніі, дзе да яго малітвамі звяртаюцца пры заразных хваробах. Лічыцца апекуном вандроўнікаў. Апякун Вільні, яго выява на гербе горада.
Зноскі
Літаратура
Bouquet, John A. (1930). A People's Book of Saints. London: Longman's.
Butler, Alban (1956). Thurston, Herbert J.; Attwater, Donald (рэд-ры). Butler's lives of the saints. New York: Kenedy.
Wilson, Stephen, рэд. (1983). Saints and their cults: studies in religious sociology, folklore, and history. Cambridge: Cambridge University Press. ISBN0-521-24978-3.